Падведзеныя вынікі дэкламатарскага конкурсу, прымеркаванага да Дня роднай мовы.
Янка Усціновіч, Лявон Троц, Таіса Фіёнік і Віктар Цыркуновіч — гэта пераможцы ў розных узроставых катэгорыях (ад наймалодшых да найстарэйшых)
V Міжнароднага дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы, які ладзіць
фонд «Тутака» з Беластоку.
Кіраўнік фонду
Павал Станкевіч лічыць, што можна ўжо гаварыць пра першы невялікі юбілей, але галоўнае, што конкурс працягваецца, а цікаўнасць з боку ўдзельнікаў павялічваецца.
Павал Станкевіч: Гэта сапраўды юбілей для нас, хаця, можа, мы яго моцна не адзначаем. Файна, што
конкурс надалей ідзе, надалей
цешыцца зацікаўленнем. Гэта бачна па колькасці заяў, гэта бачна таксама, калі праглядзець спіс гарадоў, з якіх да нас людзі прысылаюць свае заяўкі. Гэта не толькі
Польшча, гэта таксама
Літва, гэта і Вялікая Брытанія, і ЗША, і Іспанія – па-рознаму. І гэта, безумоўна, цешыць. Файна, што надалей удаецца нам
прытрымлівацца гэтага міжнароднага фармату, хаця ён узнік зусім выпадкова пры першай эдыцыі конкурсу. І думаю, што надалей і будзем працягваць. Хочацца, безумоўна, пашыраць гэты фармат, каб з нагоды конкурсу маглі адбывацца розныя майстар-класы па акцёрскай прафесіі ці нават спектаклі такіх аматарскіх тэатраў. Заўсёды мы хвалюемся, каб паказаць гледачам таксама артыстычную частку, акрамя іх выступаў, каб заўсёды было нешта цікавае.
Удзельніца конкурсу: Мяне завуць Дар’я. Я прыехала сюды ў Беласток з Варшавы, а ў Варшаву ўжо пяць гадоў таму прыехала з Мінска. Пра конкурс я ведаю ад яго паўстання. У ім удзельнічаў гады тры таму мой сын у малодшай катэгорыі, і я ў гэтым годзе вырашыла: чаму б мне не пайсці па слядах роднага сына і паспрабаваць. Я ўвогуле больш празаік сама па сабе, але вельмі люблю вершы Ганны Севярынец. І вось знайшла сярод іх тое, што мне найбольш па душы, і вырашыла падзяліцца гэтым цудоўным вершам са слухачамі і гледачамі.
Яраслаў Іванюк: Чаму наогул ёсць такое жаданне, каб ужо ў дарослым узросце выступаць на сцэне з беларускай паэзіяй?
Віктар Цыркуновіч, удзельнік конкурсу: Відаць, справа, напэўна, ва ўзросце. Хаця, напэўна, адметна, што большасць усё ж такі – гэта людзі маладзейшыя. Па-першае, а можа быць і па-другое, і па-трэцяе –
я беларус. А беларусу лягчэй за ўсё выказваць свае думкі менавіта праз паэзію. Мова адмыслова дапамагае гэта рабіць. Не ганю іншыя народы, нацыі, але беларускі народ – ён шматпакутны і ёсць што расказаць. Мне падаецца, проза не так яскрава можа гэта выразіць, як верш.
Конкурс адбываецца з нагоды Дня роднай мовы, і я лічу, што патрэбна падымаць тэму, звязаную менавіта з мовай. Тое, што я выбіраю, хутчэй за ўсё выбіраецца сэрцам. Некаторыя пытанні становяцца актуальнымі, калі надыходзіць час да конкурсу, і такім чынам я выбіраю той ці іншы верш.
Слухайце далучаны гукавы файл
Яраслаў Іванюк