- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сяднёў Масей, нарадзіўся 01.09.1915 г. у вёсцы Мокрае Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме (1930-1932). У 1933 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута, але на апошнім курсе (кастрычнік 1936) быў арыштаваны. Высланы на Калыму, дзе адбыў 5 год у лагерах. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны прывезены ў Менск на перагляд справы, пад час акупацыі апынуўся на волі. Жыў у вёсцы Мокрае. У 1943 г. выехаў у Беласток, затым у Берлін. Спачатку жыў у Германіі, настаўнічаў у беларускай гімназіі ў Міхельсдорфе, у 1950 г. перасяліўся ў ЗША, дзе выкладаў расейскую мову ў адным з універсітэтаў штата Індыяна. У 1969-1983 гг. працаваў на радыёстанцыі «Свабода» (Мюнхен, ФРГ). Жыве ў горадзе Глен-Коў (ЗША). З першымі вершамі і апавяданнем выступіў у друку ў 1933 г. (часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі», газета «Чырвоная змена»). Змяшчаў творы ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», альманаху «Аднагодкі» (1936). У час вайны - у акупацыйных выданнях: часопісе «Новы шлях», газетах «Раніца», «Новая дарога», «Беларускі работнік» і інш. У Беластоку быў падрыхтаваны зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь» (меўся выйсці ў Кёнігсбергу, але згарэў там пад час пажару). На беларускую мову пераклаў асобныя творы І.В.Гётэ, «Плач Яраслаўны» («Слова аб палку Ігаравым») і інш. (www.slounik.org)