Памёр Міхась Міцкевіч
2020-05-27 23:10
27 траўня памёр Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа, пра гэта напісала ў фэйсбуку ўнучка нябожчыка Васіліна Міцкевіч. Міхасю Міцкевічу было 94 гады.
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч (31 студзеня 1926, Мінск — 27 траўня 2020, Мінск) — беларускі навуковец у галіне апрацоўкі металаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980). Доктар тэхнічных навук (1985). Майстар спорту СССР па стэндавай стральбе.
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч быў наймаладзейшы з трох сыноў Якуба Коласа.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў восем класаў СШ № 49 г. Мінска (I—VII класы вучыўся ў СШ № 14 Мінска), у 1943 г. — дзесяцігодку ў Ташкенце з атэстатам выдатніка. Паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт (інстытут знаходзіўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі); у тым самым годзе перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. У 1947 г. пераехаў у Мінск. У 1949 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ) па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання».
З 1949 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, дзе займаў пасады малодшага навуковага супрацоўніка (1949—1961), галоўнага інжынера лабараторыі (1961—1968), загадчыка лабараторыі (1969—1993). З 1993 г. — галоўны навуковы супрацоўнік.
Падрыхтаваў больш за 150 навуковых прац, аўтар звыш 20 вынаходніцтваў.
За распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў быў угаранаваны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1980).
Быў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды» (1934). Малодшаму сыну паэт прысвяціў таксама вершы: «Рагатка» (1934), «Дронік» (1935—1936), «Не тужы» (1939), «Сыну» (1942), «Міхасю» (1943), «…Адстану я, і час разлукі» (1946).
Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказваюць шчырыя спачуванні з прычыны сыходу Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча яго родным і блізкім, супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа, усім, хто ведаў нябожчыка. Памяць пра Міхася Міцкевіча, нястомнага папулярызатара творчасці Якуба Коласа, будзе захоўвацца заўсёды. Смуткуем разам з вамі!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"