- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Эканомяць на здароўі дзяцей 14 лістапада ў Машчаніцкай школе Бялыніцкага раёна адбыўся бацькоўскі сход, на якім былі падведзены вынікі навучальнага працэсу ў першай чвэрці гэтага навучальнага года. Але не на гэтым я хацеў бы засцярожыць вашу ўвагу, шаноўныя чытачы. Асноўную частку свайго выступу малады дырэктар школы Андрэй Аляксандравіч Ганчук прысвяціў асвятленню пытання выканання Дырэктывы № 3 кіраўніка краіны аб эканоміі і беражлівасці. Дзеля змяншэння расходу электраэнергіі ва ўсіх класных памяшканнях адключылі лямпачкі на апошніх радах, бо вучняў ва ўсіх класах вясковай школы засталося няшмат. Таксама не паляць святло ў калідорах школы падчас урокаў і пераменаў, калі вучні могуць яшчэ што-небудзь бачыць так. Такі загад РАНА і калі школа дапусціць перавышэнне ліміту спажывання электраэнергіі, то гэта перавышэнне будзе аплочваць дырэктар са сваёй кішэні. Зараз тэмпература паветра ў памяшканні школы не перавышае 15 градусаў па Цэльсію і Андрэй Аляксандравіч лічыць гэта дасягненнем, бо ў памяшканні Старасельскай школы тэмпература паветра не падымаецца вышэй за 11-13 градусаў. I як дырэктар гэты малады хлопец нічога зрабіць не можа, бо школьную кацельню перадалі жылкамунгасу, а той, таксама ў мэтах эканоміі, падае ў школу гарачую ваду на ацяпленне тэмпературай 36 градусаў замест мінімальна дапушчальных 46.