Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева атрымала прэстыжную нямецкую літаратурную прэмію
2026-05-01 12:05
Лаўрэаткай прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі
Hilde-Domin-Preis у
галіне літаратуры ў выгнанні 2026 года горада Гайдэльберг сёлета стала
беларуская аўтарка
Юля Цімафеева. Пра гэта
паведаміў Альгерд Бахарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Прэмія, названая ў гонар вядомай паэткі Гільдэ Дамін (1909-2006),
уручаецца раз на тры гады аўтару або аўтарцы, якія жывуць у Германіі і
працуюць з тэмай экзылю. Заснаваў узнагароду славуты горад Гайдэльбэрг,
дзе ўвосень і адбудзецца ўрачыстая цырымонія. Прэмія ўручаецца з 1992
году.
Журы асабліва адзначыла кнігу Юлі Цімафеевай «Кровазварот», а афіцыйная фармулёўка гучыць так:
«У сваёй творчасьці, асабліва ў паэтычным цыкле «Кровазварот» (Edition Fototapeta, 2025), беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева выкарыстоўвае ўласны досьвед выгнаньня як адпраўную кропку для разважаньняў у тонка сплеценых вобразах пра перажываньні і ўспаміны пра дом, уцёкі, выгнаньне і «прыбыцьцё». Робячы гэта, яна вяртаецца да гісторыі крывавага 20-га стагодзьдзя — да Чарнобыля, а таксама да нацысцкіх лягераў прымусовай працы, празь якую прайшлі члены яе сям’і. Яе разважаньні, што ўвесь час абнаўляюцца, прасякнутыя лірычнай мовай, якая ставіць пад сумнеў як саму сябе, так і звыклыя ўяўленьні пра Эўропу: каму належыць памяць? Як можна выказаць міжпакаленчы досьвед выгнаньня? Што спараджае надзею?»
У журы прэміі сёлета ўвайшлі прафэсарка Дортэ Бішоф з Гамбурскага
ўнівэрсытэта, літаратурны крытык і эсэіст Ёрг Датцаўэр, крытык,
перакладчыца і журналістка Мары-Луізэ Кнот, прафэсар Керстын Шор з
унівэрсытэта Віядрына і літаратурны крытык і журналістка Карнэлія Цэчэ.
«Кровазварот» выйшаў па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2025
годзе, а напрыканцы мінулага году з’явіўся і ў нямецкім перакладзе Ціны
Вюншман берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta (herzlichen
Glückwunsch, Andreas Rostek!).
«Я верыў у гэтую кнігу з самага пачатку. І ўпэўнены, што гэта толькі пачатак яе доўгага шляху», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.