Пад Беластокам прэзентавалі фотаальбом пра экспедыцыю Вацлава Ластоўскага
2025-03-03 14:56
У Падляшскім музеі народнай культуры адбылася прэзентацыя рэдкага фотаальбома “Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году”.
Выдавец Ігар Іваноў падкрэсліў важныя ўрокі жыцця Вацлава Ластоўскага, якія могуць быць карыснымі і для сучасных беларусаў, што вымушаны жыць у выгнанні за межамі Беларусі:
– Прыклад Ластоўскага нам паказвае, што трэба некалькі разоў падумаць перад тым, як вяртацца на Бацькаўшчыну. Таму што ён загінуў вельмі хутка пасля таго, як ён вярнуўся. Канешне, ён паспеў зрабіць вельмі шмат, але загінуў у сталінскіх чыстках. Урок для нас таксама, што трэба займацца беларускай справай на эміграцыі, ніколі не ведаеш, калі гэта стрэліць. Гэты альбом 30 гадоў у Скарынаўскай бібліятэцы.
На мерапрыемстве было шмат беларусаў Падляшша. Кажа прафесар
Алег Латышонак:
– Матэрыялы ў альбоме з Усходняй Беларусі, але гэта проста для нас Беларусь адна. І таксама тут нас, на Падляшшы, відаць, цікавіць і тое, што на Усходзе Беларусі. Я сам вёў даследаванні на Мазыршчыне, так што мяне гэта асабіста таксама цікавіць.
Фотаальбом “Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году” падрыхтаваны беларускім выдавецтвам “Скарына” ў Лондане і змяшчае каля 300 рэдкіх фотаздымкаў, зробленых падчас этнаграфічнай экспедыцыі на Мазыршчыну і Случчыну. Выданне даступнае ў продажы на сайце выдавецтва «Скарына».
Беларускае Радыё Рацыя