Па-польску выйшлі “Песні для мёртвых…” Вальжыны Морт
2026-01-12 16:23
На сайце выдавецтва KEW (Kolegium Europy Wschodniej) з’явілася навінка — паэтычны зборнік Вальжыны Морт «Песні для мётрвых і ўваскрэслых» у перакладзе выбітнага польскага паэта і перакладчыка Богдана Задуры. Па-польску кніга мае назву «Muzyka dla martwych i zmartwychwstałych».
У анатацыі на сайце выдавецтва гаворыцца, «Muzyka dla martwych i zmartwychwstałych» раскрывае крохкасць чалавечага жыцця і наступствы імперскага гвалту. Вальжына Морт дае голас тым, хто загінуў ад рук дзяржаўнага гвалту. Гэты зборнік спалучае палітычную вагу з паэтычнай лёгкасцю і гуллівасцю, і разам з тым з неймавернай інтуіцыяй пераплятае старажытнае з сучасным. Ейныя вершы вечныя, дакладныя, вострыя, створаныя, каб пражыць не адно жыццё.
Рэдактарам перакладу Богдана Задуры выступіў Мацей Лібіх (Maciej Libich), а дызайнеркай і ілюстратаркай — Ягода Пэцэля (Jagoda Pecela).
Аўтарка напісала і выдала кнігу на дзвюх мовах па-ангельску («Music for the Dead and Resurrected») і па-беларуску («Песні для мётрвых і ўваскрэслых», Pflaumbaum). Таксама ў 2025 годзе кніга выйшла ў Бразіліі («Música para Morrer e Renascer»).