- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Газета Слонімская» (скарочана «ГС», польск. Gazeta Słonimska) — беларуская штотыднёвая грамадска-палітычная газета, якая выходзіць у Слоніме. Упершыню выйшла ў 1938 годзе на польскай мове (ўсяго выйшла 4 нумары). «Газета Слонімская» была адноўленая ў 1997 годзе як незалежнае грамадска-палітычнае выданне на рускай і беларускай мовах. Яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам стаў Віктар Валадашчук. Першы нумар адроджанай «Газеты Слонімскай» выйшаў 24 красавіка 1997 года накладам 3 000 асобнікаў. З цягам часу наклад вырас да 12 500 асобнікаў. Павялічылася і тэрыторыя распаўсюду газеты (з насельніцтвам каля 250 тысяч чалавек): Слонімскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Ваўкавыскі, Навагрудскі раёны Гродзеншчыны і іншыя рэгіёны рэспублікі. У пачатку 2006 года, калі сярод іншых незалежных выданняў Беларусі «Газета Слонімская» была выключана з падпісных каталогаў «Белпошты» і сістэмы распаўсюду праз «Белсаюздрук», наклад упаў у два разы. Сёння газета выходзіць на 32 старонках разам з рэкламнай газетай «Аддушына» накладам 3 500 асобнікаў. Газета друкуецца ў колеры і чорна-белым фармаце А3. Газета шырока і ўсебакова асвятляе палітычныя, грамадскія і культурныя падзеі, надае вялікую ўвагу гісторыі роднага краю, спартыўнаму, рэлігійнаму і літаратурнаму жыццю. Акрамя папяровай, газета мае і электронную версію. У 2008 годзе «ГС» прызнана лаўрэатам міжнароднай прэміі фонду газеты \"Цайт\" (ФРГ) «Маладая прэса Усходняй Еўропы», а таксама ўзнагароджана граматай Беларускай асацыяцыі журналістаў «За адданасць прафесіі».