Някляеў: Калі ў Менску зноў выйдзе столькі, колькі 16 жніўня, рэжым абрынецца
2021-02-04 13:35
Што можа выклікаць аптымізм у цяперашняй Беларусі? Ідуць арышты, суды, людзей б’юць і калечаць, грамяць крамы нацыянальнай сымболікі. За што ў гэтай рэальнасьці зачапіцца аптымісту? Пра гэта Свабодзе расказвае пісьменьнік і палітык Уладзімер Някляеў.
Сьцісла У нас карэнным чынам зьмянілася грамадзтва. Гэтыя зьмены рэвалюцыйныя. Яны ўжо не падлягаюць перагляду, і працэс немагчыма павярнуць назад.
Моладзь на сёньняшні дзень паказвае прыклад таго, як трымацца, як стаяць, як, не азіраючыся, ісьці наперад.
Сьмеласьць моладзі магла прывесьці да перамогі ўжо 9 жніўня, каб не сышлі з вуліц пад раніцу.
Адзін цягнік Менск — Вільня зрабіў для дэмакратызацыі Беларусі столькі, колькі дай Бог зрабіць беларускай апазыцыі.
Усё залежыць ад беларускага народу, ад нацыі — няма большай сілы, чым народная сіла. На сёньняшні дзень гэтая сіла відавочна скіраваная ў бок незалежнасьці.
9 і 16 жніўня сілавое зьвяно было аслабленае настолькі, што яны былі гатовыя сысьці, і 16-га яны нават сышлі, калі ўбачылі народную сілу, што рушыла да стэлы.
Калі ў Менску зноў выйдзе столькі, колькі 16 жніўня летась, рэжым абрынецца.
Два гістарычныя працэсы
— У той сытуацыі, якая цяпер ёсьць у Беларусі, вы аптыміст ці пэсыміст?— Я ад самага пачатку — а пачаткам у сваім жыцьці я лічу абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі — аптыміст. Найперш таму, што гэта сталася. Вядома, я разумею людзей, якія адчуваюць напружаньне, нават панікуюць — маўляў, час ідзе, а канчатковай перамогі не здабылі, і г. д.
Сапраўды, час ідзе. Але што гэта за час? Адбываюцца два гранічна супярэчлівыя працэсы. Адзін працэс — гэта распад імпэрыі. З гісторыі вядома, што ён доўжыцца стагодзьдзі, што ён ніколі не спыняецца; калі імпэрыя пачынае распадацца, то яна ідзе да самага распаду. Так было з Рымскай імпэрыяй, з Асманскай, з Германскай і ўсімі астатнімі. А сустрэчны працэс — станаўленьне на гэтым распадзе незалежных дзяржаў. Два гэтыя працэсы сутыкаюцца і высякаюць іскры.
Мы жывём на гэтым сутыкненьні. І, шчыра сказаць, я вельмі баяўся, што гэтыя працэсы сутыкнуцца так, што пральецца мора крыві, як ня раз бывала ў гісторыі. І тое, што мора не пралілося, а кроў прайшла па ўскрайках імпэрыі, было для мяне вялікай нечаканасьцю. Неяк я адчуў, што гэта ня час вялікай крыві, што ў людзях нешта прынцыпова зьмянілася — гэта цывілізацыя прайшла адпаведны шлях і адпаведным чынам зьмяніла людзей.
І гэта так. Паглядзіце на сёньняшні сьвет, што б мы пра яго ні казалі. Тая ж наша эміграцыя. Сто гадоў таму каму яны там былі патрэбныя, іх усе адкідалі. Нямеччына казала: якая Беларусь, што вы тут лезеце, каб вам дапамагалі... Сёньня ўсё наадварот — людзей прынялі, людзей слухаюць, людзям стараюцца дапамагчы.
Карэнная зьмена грамадзтва
— Я не стамляюся паўтараць, што ў 2020 годзе, нягледзячы на, скажам так, — «неперамогу» рэвалюцыі, для мяне асабіста ўжо ўсё адбылося. Я ўбачыў тое, што вельмі хацеў убачыць і чаго вельмі баяўся ня ўбачыць — беларускую нацыю, калектыўнае «мы». Вы чакалі такога ад беларусаў, ці і для вас гэта было нечакана?— Я чакаў гэтага яшчэ раней. У 2010 годзе я ўлез у тое, што называецца прэзыдэнцкімі выбарамі, у Плошчу 2010 году. Гэта ня толькі з той прычыны, што я гэтага чакаў, але я хацеў, каб гэта сталася хутчэй, і, як мог, стараўся гэта паскорыць.
Тое, што сталася — тут я з вамі абсалютна згодны — гэта рэвалюцыя найперш у сэрцах. Рэвалюцыя, і тут я не стамляюся гаварыць, гэта не абавязкова адразу зьмена ўлады. Рэвалюцыя — гэта карэнная зьмена нечага. У нас карэнным чынам зьмянілася грамадзтва.
Ёсьць людзі, якія кажуць, што гэтых зьменаў недастаткова і што трэба рабіць нейкія больш рашучыя захады. Магчыма; але пайшло так, як пайшло. І цяпер я проста ня бачу іншага шляху, магчымасьці рэзкай зьмены таго кірунку, той стратэгіі і тактыкі, якія склаліся як бы самі па сабе.
— Вы казалі, што кроў прайшла па ўскраінах імпэрыі. І вось якраз таму, што ў Беларусі русыфікацыя зайшла ўжо дастаткова далёка, я асабіста баяўся, што беларусы ўжо не прачнуцца. Але аказалася наадварот. Што вас радуе ў сёньняшняй беларускай краіне? Якія працэсы, якія групы насельніцтва, якія зьявы?— Усё сваё жыцьцё я чуў адно і тое ж — маўляў, цяпер так сабе, кепскавата, бальшавізм, саветызм, задушана ўсё нацыянальнае, цэлыя пакаленьні саветызаваныя і могуць мысьліць толькі па-старому, а вось прыйдуць новыя пакаленьні — і ўсё рэзка зьменіцца. Пры маім жыцьці прыйшло адно пакаленьне — нічога не зьмянілася, другое новае пакаленьне — таксама нічога не зьмянілася, тое самае з трэцім пакаленьнем...
Але нарэшце гэта сталася. Працэс трансфармацыі грамадзтва і зьмены пакаленьняў набыў відавочныя рысы. Новае пакаленьне ня проста гуляла ў дысыдэнцтва, але выйшла ў жніўні 2020 году на плошчы, каб пра сябе заявіць.
Гэта шмат для каго было нечакана, але я не лічу, што гэта такая нечаканасьць, што разявіў рот і стой, дзівіся. Гэта рыхтавалася папярэднікамі, рыхтавалася ня толькі палітычна і ня столькі палітычна, колькі культурна. Вельмі істотныя рэчы для разьвіцьця беларускага грамадзтва зрабіла беларуская нацыянальная культура. Уласна кажучы, і Беларусь узьнікла з культуры. А больш канкрэтна — зь літаратуры. Літаратары некалі былі генэратарамі ідэй пра Беларусь як незалежную краіну і яе гістарычнае існаваньне. І Караткевіч, і Быкаў, і Адамовіч, ня кажучы ўжо пра Багушэвіча, Купалу, Багдановіча і Коласа. Яны гэта рыхтавалі і пра гэта марылі, для гэтага працавалі, і яно нарэшце адбылося.
І гэтыя зьмены — рэвалюцыйныя. Яны ўжо не падлягаюць перагляду, і гэты працэс немагчыма павярнуць назад.
Я бачу, што людзі, якія выходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і лёзунгам «Жыве Беларусь», у гэтым перакананыя. Яны выходзяць на вуліцы і плошчы, каб нарэшце дамагчыся перамогі.
Аптымізму надае моладзь
— Як вы ацэньваеце цяперашнюю беларускую моладзь?— Гэта пераважна яна была асноўным дзейнікам рэвалюцыі. Гэта яна на сёньняшні дзень паказвае прыклад таго, як трымацца, як стаяць; як, не азіраючыся, ісьці наперад.
Калі казаць пра аптымізм і пэсымізм, то адбываецца дзіўная рэч. Людзі, якія застаюцца на волі, якіх ні разу ў каталажку на Акрэсьціна не пасадзілі, знаходзяцца ў паніцы і ня ведаюць, што рабіць далей. А людзі, якіх ужо садзілі за тое, што яны паўсталі на змаганьне, не выяўляюць ніякіх сумневаў, што перамога ўжо адбылася.
Вось у мяне лісты з-за кратаў ад Севярынца, Статкевіча і многіх іншых. Вось ліст ад Кацярыны Андрэевай, гэта якраз наша моладзь, журналістка «Белсату». Вось што яна піша:
«Шаноўны Ўладзімер Пракопавіч! Неўзабаве мы з Вамі сустрэнемся і вып’ем шампанскага за Беларусь, якая жыве!»Вось што піша з турмы тая самая моладзь, у якой няма сумненьняў, як у старэйшага пакаленьня.
Старэйшае пакаленьне са сваім досьведам, якім яно пахваляецца (маўляў, мы ўсё ведаем, мы шмат пражылі), забываецца пра тое, што яго досьвед у пераважнай большасьці адмоўны. Назапашваецца якраз досьвед паразы і няўдач. У моладзі гэтага няма. Няма ў яе і страху. Гэтыя маладыя людзі нават досьведу крыві Плошчы 2010 году ня маюць, ня памятаюць. Таму яны выходзілі абсалютна безь ніякага страху.
І гэтае бясстрашша адыграла істотную ролю. Яно магло прывесьці да перамогі яшчэ ў самым пачатку, 9 жніўня. Каб у тую ноч не сышлі пад раніцу, бо сілавікі былі ўшчэнт стомленыя. Я бачыў, што падагналі ўжо бяз зброі, без дубінак «белыя каўнерыкі», што называецца, — людзей у форме, але якія сядзяць за пісьмовымі сталамі і афармляюць нейкія паперы. Але, відаць, вышэйшыя сілы вырашылі правесьці нас больш доўгім шляхам да перамогі.
Беларусы — нацыя, створаная культурай
— Я зьвярнуў увагу на тое, што вы сказалі, як культура стварыла беларускую нацыю. Я цалкам згодзен, гэта абсалютная ісьціна. Цікава, што гэтага шмат хто ў Беларусі яшчэ не разумее. У развагах пра форму беларускай нацыі многія кажуць «грамадзянская нацыя», «палітычная нацыя», добра ня ведаючы і не разумеючы гісторыі Беларусі ў ХІХ і ХХ стагодзьдзях. Бо, сапраўды, беларусы — гэта культурная нацыя найперш, бо яе стварыла культура. І вось я бачу, што якраз гэтае разуменьне пачынае перамагаць. Вы згодны?— Безумоўна. За жыцьцём старэйшых пакаленьняў тая культура, што называлася савецкай, не была нацыянальнай. Гэта сурагат культуры. Як тады фармулявалася, яна была нацыянальнай па форме і савецкай па зьмесьце. Таму мазгі людзей забіваліся савецкім зьместам. А савецкае было ўсё найперш расейскае, і яно было як бы першаснае, а ўсё астатняе — беларускае, украінскае, літоўскае, грузінскае і г. д. — было другаснае. І ўсіх сьцягвалі туды. Я сам у той час падаўся ў Маскву, бо там быў як бы асяродак сапраўднай культуры.
Гэта ўсё былі міты пра расейскую імпэрскую культуру, якая ўзьнікла ў Маскве і распаўсюдзілася на ўскраіны. Насамрэч культура ішла з Эўропы, з захаду на ўсход. І перш чым прыйсьці ў Масковію, яна павінна была прайсьці празь цяперашнюю Беларусь — тагачаснае Вялікае Княства Літоўскае. І гэтая плынь, ідучы на ўсход, падхоплівала ўсё, што тут у нас можна было падхапіць, напрыклад, таго ж Сімяона Полацкага, які быў першым цывілізаваным заходнім настаўнікам царскіх дзяцей і стварыў, дарэчы, прафэсійную расейскую літаратуру.
Так што гэта ўсё міты. А наша нацыянальная культура мае больш глыбокія карані, чым культура, якая знаходзіцца ад нас далей на ўсход.
Паўтарэньне 16 жніўня можа стаць перамогай
— Два тыдні таму ў інтэрвію Віталю Цыганкову вы сказалі, што «пэрспэктыва нашай перамогі відавочная». Сто гадоў таму паміж першай і другой расейскімі рэвалюцыямі прайшло 10 гадоў, дый то другую рэвалюцыю прысьпешыла няўдалая для Расеі Першая сусьветная вайна. Вам не здаецца, што Расея можа яшчэ доўга падтрымліваць рэжым Лукашэнкі — і 10, і 15, і нават 20 гадоў?— Калі я казаў пра распад імпэрыі, я меў на ўвазе найперш працэсы, якія цяпер адбываюцца ў Расеі. Я не хачу заяўляць, што Расея ўжо гатовая да кардынальных зьменаў. Усё ж там пуцінізм як імпэрская ідэалёгія (Крым наш, Беларусь наша, Украіна наша) — цяпер вельмі моцны.
Але ўсё залежыць ад беларускага народу, ад нашай нацыі — няма большай сілы, чым народная сіла. І на сёньняшні дзень гэтая сіла відавочна скіраваная ў бок незалежнасьці, у бок дэмакратыі, у бок руху да эўрапейскай цывілізацыі, а не наадварот. І гэтую сілу немагчыма перамагчы.
— І яшчэ вы нядаўна выказвалі думку, што ў выпадку новага масавага выступленьня беларусаў страляніны з боку МУС ня будзе, і армія таксама ня будзе ўмешвацца. Адкуль у вас такое перакананьне?Афіцыйная прапаганда і сам Лукашэнка падае сёньняшнюю сытуацыю так, што за яго галасавала 6 мільёнаў і за яго цалкам усе сілавікі, уключна з арміяй. Насамрэч гэта ня так. Я ня так добра, як гэта хацелася б, але ўсё ж сытуацыю ў сілавых структурах ведаю, найперш у арміі. За час жыцьця ў мяне зьявілася вельмі шмат сяброў-вайскоўцаў, у якіх цяпер дзеці і ўнукі таксама служаць у войску пры пагонах, пры званьнях і пры пасадах.
Я маніторынг праводзіў пасьля таго, што адбылося 9 і 16 жніўня, распытваў шмат каго. І мне сказалі, што тады сілавое зьвяно было аслабленае настолькі, што яны былі гатовыя сысьці, і 16-га яны нават сышлі, калі ўбачылі народную сілу, якая рушыла да стэлы. Яны проста сышлі.
Трэба разумець, што сёньняшняя армія — ня толькі беларуская, але любая іншая на постсавецкай прасторы — гэта не савецкая армія, куды хлопчыкаў забіралі з адной савецкай ідэалёгіяй у галаве. Яны былі перакананыя, што вакол капіталістычныя ворагі, і толькі СССР — гэта астравок дабрабыту, таму трэба налева і направа страляць у яго ворагаў. Сёньняшнія хлопцы — гэта не «саўкі», у іх ёсьць галовы, ёсьць інтэрнэт, падарожжы. Адзін цягнік Менск — Вільня зрабіў для дэмакратызацыі Беларусі столькі, колькі дай Бог зрабіць беларускай апазыцыі.
Так што там зусім іншыя людзі. І калі сёньня гэтым людзям, якія ўсьведамляюць каштоўнасьці эўрапейскай і сусьветнай цывілізацыі, правоў чалавека, пачаць загадваць страляць за дыктатуру, то гэтага дамагчыся будзе вельмі цяжка, я б сказаў, неймаверна цяжка.
Безумоўна, ёсьць частка людзей з прамытымі мазгамі, але гэтага абсалютна недастаткова, каб стварыць сур’ёзную небясьпеку вялікай крыві. Я ў гэтым перакананы.
Калі на 25 Сакавіка ў Дзень Волі ці ў іншы дзень, напрыклад у дзень Усебеларускага сходу, нас выйдзе шмат... А Менск — гэта вялікі горад, тут нельга не прыдумаць лягістыку, каб можна было сабрацца рознымі шляхамі ў адным месцы. І калі выйдзе хаця б столькі людзей, колькі выйшла 16 жніўня, ніякай страляніны з боку сілавікоў ня будзе. Ня будуць беларусы страляць у беларусаў.