- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чарговы нумар альманаха «Новы Замак» працягвае лепшыя літаратурныя традыцыі рэгіёна. І надалей асновай альманаху застаецца мастацкае слова вядомых пісьменнікаў Панямоння, увасобленае ў паэзіі (Святлана Абдулаева, Рычард Бялячыц, Анатоль Брусевіч, Уладзімір Васько, Юрка Голуб, Мікола Канановіч, Мечыслаў Курыловіч, Галіна Самойла) і прозе (Валянцін Дубатоўка, Віктар Варанец, Міхась Зізюк, Ала Нікіфорская, Ала Петрушкевіч, Аляксей Пяткевіч, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Сяргей Чыгрын, Леанарда Юргілевіч і інш.). Разам з тым чытачу прапануюцца і цалкам новыя рубрыкі. Так, рубрыка «Напачатку было Слова…» (Ян. 1:1–14) прадыктавана вострай патрэбай часу звярнуцца да вечных пытанняў адносна шматзначнасці і шматасацыятыўнасці паняцця «Слова» (Слова як касмічны Логас, Слова-творца, Слова як праява вышэйшага розуму, дзякуючы якому адбываецца ўдасканальванне сусвету і чалавека). Якім было Слова? Якім Яно стала? Якім Яно можа стаць? Якім Яно павінна быць? Дадзеную старонку «Новага Замка» адкрывае Анатоль Брусевіч фрагментам з рамана-пропаведзі «Пакаранне», дзе філасофія паэзіі змяшалася з паэзіяй філасофіі, і які несумненна прыцягне сваёй глыбінёй і нетрывіяльнай сутнасцю ўвагу самага пераборлівага чытача. А магчыма, і ўразіць. Дарэчы, мы прывыклі ўспрымаць літаратуру паводле крытэрыяў «спадабалася» альбо «не спадабалася», а сапраўднае вербальнае мастацтва павінна менавіта ўражваць. У далейшым рэдакцыя альманаха будзе толькі вітаць мастацкія інтэрпрэтацыі адзначанай тэматыкі. (Ад рэдакцыі, фрагмент)