Паводле заснавальніка выдавецтва Kamunikat.org Яраслава Іванюка, крама стане таксама месцам рэгулярных сустрэчаў чытачоў зь беларускімі літаратарамі.
«Гэта
наш супольны праект з ЦБС. У гэтым месцы раней ужо была магчымасьць
купляць беларускія кнігі, але ў сувязі з тым, што памёр чалавек, які
гэтым займаўся, — Раман Цымбераў — гэтае месца некалькі
месяцаў пуставала. Але нам усім была вельмі важная далейшая
прысутнасьць тут беларускай кнігі. Ужо ўдалося правесьці размовы зь
беларускімі выдавецтвамі, што працуюць у эміграцыі, і ўсе пагадзіліся,
каб іхныя кнігі таксама былі ў гэтым месцы. Гэта і асноўныя гульцы на
беларускім выдавецкім рынку ў замежжы (Gutenberg, „Янушкевіч“), але
таксама і меншыя выдавецтвы — шмат каго ўдалося прыцягнуць, бо ўсе
клапоцяцца пра тое, каб беларуская кніга ў Варшаве была як найшырэй
даступная», — падзяліўся плянамі Яраслаў Іванюк.
Яраслаў Іванюк ня
ўзяўся прадказваць посьпех кнігарні як гандлёвага пункту, адзначыўшы,
што бачыць яе значэньне шырэйшым за камэрцыю.
«Гэта
таксама будзе месца сустрэчаў, размоваў пра беларускую літаратуру.
Будзем ладзіць там прэзэнтацыі новых беларускіх кніг, якія выходзяць у
замежжы, дыскусіі на цікавыя нам усім тэмы. Таксама, мяркую, гэта будзе
падтрымка выдавецтвам, якія рэжым Лукашэнкі прызнае „экстрэмісцкімі
фармаваньнямі“. Яны ставяць сабе мэту запалохаць беларусаў, але мы ня
думаем здавацца, будзем рабіць усё тое, што ў нашых сілах, як і рабілі
дагэтуль», — сказаў Свабодзе выдавец Яраслаў Іванюк.
Адкрыцьцё
крамы адбудзецца 29 красавіка а 17:30. Наведнікі змогуць купіць кнігі
«Зэкамерон» Максіма Знака, «Ліквідацыя» Васіля Быкава, «Імёны Свабоды»
Ўладзімера Арлова. На кнізе «Імёны Свабоды» можна будзе атрымаць
аўтограф аўтара, запрошанага на прэзэнтацыю крамы Kamunikat.shop у ЦБС пад адрасам ul. Oleandrów 6 у Варшаве.