- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Міліцыя 25 сакавіка была з народам, як заўжды, і таму шмат каму з тых, хто выйшаў у цэнтр Мінска адсвяткаваць Дзень Волі, давялося чуць перамовы паміж міліцыянтамі. Некалькі разоў з міліцэйскімі кардонамі спрабавалі дамовіцца арганізатары акцыі. Калі да аднаго з такіх кардонаў з просьбай прапусціць людзей звярнуўся Аляксандр Мілінкевіч, міліцыянт, які меў рацыю, паведаміў некаму, што да яго падышоў „Барада”. Год таму Аляксандр Казулін у „рацыянальных” размовах праходзіў пад мянушкай „Лысы”. Адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, які пажадаў захаваць інкогніта, патлумачыў журналістам, што гэтыя мянушкі — не проста выпадковы прафесійны жаргон: „Барада”, „Лысы”… „Гэта менавіта шыфруюць. Гэтыя перамовы выпадковыя людзі чуюць — таму і трэба шыфраваць. Ёсць такі прынцып пры перагаворах: зусім-зусім „левы” чалавек так і не здагадаецца, пра каго гавораць”. Сапраўды, ад мянушак „Барада” і „Лысы” патыхае скупой функцыянальнасцю. Не тое, што ад паэтычных абагульненняў „Баскетбаліст” і „Марпех”, якімі экс-кандыдатаў у прэзідэнты з падачы самі-ведаеце-каго дражнілі падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі. І калі ад мянушак „адзінага” з часам не засталося нічога, акрамя размоўных „Міля” і „Мілік”, дык асяроддзе, у якім ужо год знаходзіцца Казулін, паспрыяла з’яўленню цэлага шэрагу новых „псеўданімаў”.