- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чарговы прысуд за праўду. Каця Барысевіч — паўгода, яна будзе за кратамі яшчэ некалькі месяцаў. Арцём Сарокін — 2 гады з адтэрміноўкай на год. У калідоры суда людзі радаваліся вызваленню Арцёма. «Я пачула апладысменты, мне гэта не зразумела, — сказала пасля суда галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава. — Адзіны справядлівы прысуд быў бы — толькі поўнае апраўданне. Бо ні Каця, ні Арцём не здзяйснялі ніякіх злачынстваў». Казаць праўду — і ёсць сёння галоўнае злачынства. Людзі, якія асмеліліся казаць праўду, — за кратамі. Тыя, хто адважыўся спытаць пра праўду — за кратамі. Хто прыйшоў па праўду ў жніўні — за кратамі. Хто патрабаваў праўды і за яе выходзіў — сёння за кратамі. Хто яшчэ хоча праўды? — За краты! Гэтай уладзе не трэба праўда. У пашане хлусня, ліслівасць, рабская пакорлівасць. Праўда цяпер не патрэбная. Годнасць не патрэбная. Гонар — наогул лішняя рэч…Больш за 100 крымінальных прысудаў толькі за люты. Год, два, тры, пяць, шэсць, дзесяць... Агулам 168 з паловай гадоў пазбаўлення волі за адзін месяц. Дзесяць гадоў атрымаў Аляксандр Кардзякоў, сябра Генадзя Шутава, які стаў сведкам забойства. Больш за тое, сам Генадзь прызнаны вінаватым. Шкада, што кідаць за краты нябожчыкаў яшчэ не навучыліся... Шпурнуў кветку ў «праваахоўніка» — за краты, пагрукаў па міліцэйскай машыне — за краты, спрабаваў абараніць маці — за краты…