- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Раман Руткоўскі, герой відэа, на якім хлопец уцякае ад затрымання на таксі, распавёў «Салідарнасці», што з ім адбывалася апошнія месяцы. Яшчэ нядаўна 19-гадовы Раман Руткоўскі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры, марыў стаць трэнерам па самба і адкрыць свой клуб. — У мяне ўсё было распланавана амаль на дзесяць гадоў наперад, — прызнаецца Раман. — Напярэдадні выбараў я быў амаль упэўнены не толькі ў тым, што пераможа Святлана Ціханоўская, але і ў тым, што не прызнаць гэтага не змогуць. Таму, калі позна ўвечары 9 жніўня ўбачыў пратакол на сваім участку з перамогай Лукашэнкі, не змог гэтага прыняць. Мы стэлефанаваліся з сябрамі — і ўсе пайшлі на Нямігу. 23 верасня, пасля інаўгурацыі Лукашэнкі, Раман таксама не змог заставацца ўбаку. — Я паехаў на Пушкінскую. Людзей у той вечар сапраўды было шмат. Потым прыехалі аўтазакі, мы пабеглі ў двары. Я трымаў дзверы ў адзін з пад’ездаў. Потым вырашыў зайсці за рог дома і разведаць абстаноўку. Выйшаў — і ўбачыў велізарную колькасць сілавікоў! Хутка вярнуўся ў той жа пад’езд, але дзверы зачыніць ужо не паспеў. За мной ускочылі некалькі амапаўцаў, — расказвае Раман. Хлопца выратавалі рэакцыя, хуткія ногі і таксіст Жэня. — Усё сапраўды атрымалася як у кіно — успамінае Раман. — Пад’езд быў прахадны, я неяк умудрыўся выскачыць праз заднія дзверы.