- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» на тыдні святкуе 30-годдзе. У гэтыя дні быў створаны аргкамітэт па заснаванні структуры, якая, падаецца, адзіная, што клапоціцца пра нашых суайчыннікаў за мяжой. І працы ў «Бацькаўшчыны» дадаецца і дадаецца. Ні для каго не сакрэт, што беларусы масава з’язджаюць з «краіны для жыцця» і «сацыяльна арыентаванай дзяржавы». Тут не трэба быць сацыёлагам альбо шукаць нейкую статыстыку, трэба толькі азірнуцца навокал. Прынамсі, у мяне сяброў і знаёмых, якія цяпер стала жывуць у замежжы, больш, чым у Беларусі. Прычынаў для ад’езду багата. Гэта і стагнацыя эканомікі, і немагчымасць рэалізаваць свае праекты. А тое і ўвогуле «нязгода з дзеючым кіраўніком дзяржавы». У нейкай ступені паўплывала і «праграма Каліноўскага», і выгнаны ў Вільню Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Пачыналася ўсё як «кузня адукаваных і дасведчаных кадраў для дэмакратычнай Беларусі». Але дэмакратыя ў Беларусі так і не настала (можа і «дзякуючы» адтоку актыўных і крэатыўных маладзёнаў у гэтыя праграмы). А таму ў Беларусі гэтым «адукаваным і крэатыўным» няма дзе прымяніць свае веды і здольнасці. У нармальнай краіне, канешне, дзяржава, «маці-радзіма», была б зацікаўленая ў дасведчаных, маладых і поўных працоўнага энтузіязму кадрах. Але — не ў нас. У нас дагэтуль, па старой савецкай завядзёнцы, успрымаюць імігрантаў як «здраднікаў». Узнікае адчуванне, што дзяржава кажа: «З’ехалі — дый добра».