- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Раніца 16 лютага пачалася для беларускіх незалежных журналістаў і праваабаронцаў не з кавы. Па ўсёй краіне пранёсся шквал ператрусаў — як у офісах, так і ў прыватных кватэрах. Ад сёмай гадзіны раніцы ў сябраў Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых актывістаў праходзілі вобшукі. Як стала вядома, яны адбываліся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Следчыя мяркуюць, што праваабарончыя арганізацыі могуць быць датычныя да фінансавання пратэстаў. Адметна, што да ўсіх уламваліся ледзь не адначасова, што сведчыць пра спланаваную аблаву — іншым словам гэта не назавеш. У прэс-сакратара БАЖ Барыса Гарэцкага нязваныя візіцёры зазірнулі нават у сметніцу, лядоўню, бляшанку з-пад кавы, забралі тэхніку, у тым ліку тэлефоны дзяцей, сямейныя грошы. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец прысутнічаў пры ператрусе офіса арганізацыі, з якога таксама вынеслі ўсю тэхніку, дакументы, а дзверы апячаталі. Сілавікі ператрэслі і кватэру яго сына. Зладзілі вобшук і ў намесніка старшыні арганізацыі юрыста Алега Агеева — ён прачнуўся пад гукі заведзенай балгаркі, якой збіраліся выносіць дзверы кватэры. Таксама ператрус прайшоў у юрысткі Крысціны Рыхтэр, у яе забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ. З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды.