- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускі рэжым імкліва ператвараецца з аўтарытарнага ў таталітарны. Наўрад ці наверсе ведаюць, у чым адрозненне гэтых тэрмінаў, але там дакладна ведаюць, што, калі атрымаецца аднавіць кантроль, можна будзе яшчэ крыху пратрымацца. Калі яшчэ пару гадоў таму ўлада рэгламентавала толькі нашы знешнія паводзіны, то сёння яна спрабуе кіраваць нашым асабістым жыццём. Дзе гуляць і займацца спортам, з кім сустракацца, у што апранацца, якую пасцілу есці і што сушыць на балконах. Што далей? Анансаваныя «генпракурорам» змены ў заканадаўстве, якія фактычна пазбавяць людзей любой магчымасці праявы абсалютна ўсялякай нязгоды, — апошняя спроба рэжыму ўтрымацца хаця б на некалькі гадоў. І толькі ад нас усіх залежыць, ці стане гэта спроба ўдалай. У мяне няма прэтэнзій да Лукашэнкі. Усе гэтыя гады ён ніколі сабе не здраджваў. Упарта ішоў да сваёй крыштальнай мары — неабмежаванай улады. Атрымаўшы яе, як мог, стараўся ўтрымаць. Ён ніколі не дзейнічаў нахрапам. Усе гэтыя гады ён крок за крокам выпрабоўваў нашу «талерантнасць». Хіба адразу Беларусь стала такой, якой мы яе бачым сёння? Не. Кожны раз ён нібыта пытаўся ў грамадства: «Таварышы, можна зраблю так? Вам жа ад гэтага нічога, наадварот, чарка паўнейшая ды шкварка тлусцейшая». «А й праўда, — адказвала грамадства, — ну што з нас, убудзе? Ну, забароняць там штосьці, закрыюць, кагосьці аштрафуюць, пасадзяць, заб’юць… Гэта ж далёка, гэта ж толькі адмарозкаў. А мы ж — па-за палітыкай.