- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Напярэдадні меркаванага падпісання дарожных картаў паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі Мінск ахапілі вулічныя пратэсты, кропка ў якіх яшчэ не пастаўленая. У «жывы ланцуг» ад Белдзяржцырка да Галоўпаштамта, анансаваны 7 снежня грамадзянскай кампаніяй «Свежы вецер», злучыліся некалькі соцень беларусаў. На заклік сустаршыні аргкамітэту незарэгістраванай партыі БХД Паўла Севярынца выйсці ў гэты ж дзень на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую) адгукнуліся не менш як 750, а то і 1000 чалавек. Як пазней прызнаўся сам палітык, ён думаў, што людзей збярэцца менш. Больш за тое: сам Севярынец меркаваў, што ён не трапіць на акцыю, паколькі напярэдадні яго судзілі за ўдзел у лістападаўскіх вулічных маршах, і палітык чакаў адпраўкі на суткі ў ізалятар на Акрэсціна. Як ні дзіўна, і Севярынец застаўся на волі, і стыхійныя акцыі ў сталіцы ніхто не разганяў, хаця міліцыянты папярэджвалі пра тое, што яны не дазволеныя Мінгарвыканкамам. Але, відаць, беларускім уладам трэба было падчас перамоваў паказаць расійскаму кіраўніцтву карцінку: маўляў, глядзіце, беларускі народ супраць інтэграцыі, таму на прапанаваных умовах злучацца з Расіяй у саюзную дзяржаву не ўяўляецца магчымым. Хаця што гэта за ўмовы, беларускае грамадства не ведае, паколькі змест перамоваў і дарожных картаў трымаюцца ў сакрэце. Пасля пяцігадзінных перамоваў 7 снежня, ні Лукашэнка, ні Пуцін не зрабілі заяваў для прэсы, а 8 снежня ніякіх пагадненняў так і не падпісалі.