- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мясцовыя выбары па новым заканадаўстве. Улады Беларусі вырашылі прадэманстраваць Захаду імгненную гатоўнасць да дэмакратыі. У першым чытанні 104 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна выказаліся за ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства Беларусі. 130 паправак у 45-ці артыкулах Выбарчага кодэкса закранаюць працэдуру выбараў ад фарміравання выбарчых камісій да вылучэння кандыдатаў. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, выбарчыя камісіі атрымаюць больш незалежнасці ад органаў улады. У прыватнасці, прапануецца забараніць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады ўключаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Чыноўнікі могуць складаць не больш адной траціны выбарчай камісіі, 30 працэнтаў сябраў выбарчай камісіі абавязкова павінны быць з палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Лідзія Ярмошына адзначыла, што «істотны аб’ёмны блок» паправак закранае спрашчэнне парадку вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты. Па яе словах, за апошнія гады значна скарацілася колькасць прэтэндэнтаў, якіх вылучаюць ад партый: у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2004-га і 2008 гадоў іх стала ў 6 раз менш. Таму плануецца спрасціць збор подпісаў, дазволіць вылучэнне кандыдатаў па ўсіх акругах, незалежна ад наяўнасці там структуры партыі. Збор подпісаў можна будзе ажыццяўляць у выглядзе пікету і без дазволу на гэта мясцовых уладаў. «Напярэдадні выбарчай кампаніі мясцовыя ўлады вызначаць месцы, дзе нельга будзе праводзіць пікеты», — паведаміла старшыня ЦВК.