- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ужо каторы нумар на першай старонцы «Новага Часу» вы маглі бачыць цудоўныя фотаздымкі нашых карэспандэнтаў. Але гэтым разам вы бачыце фота саміх журналістаў. Тры фотакоры «Новага Часу» — Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла — былі затрыманыя 1 лістапада. Затрыманыя, бо сумленна рабілі сваю працу. Стараліся зафіксаваць для вас, шаноўныя чытачы, і для ўсяго грамадства, дзеля гісторыі, нарэшце, тое, што адбываецца ў Беларусі. Зафіксаваць гвалт і нахабства тых, хто павінен абараняць народ і закон. Мужнасць і самаахвярнасць тых, хто больш не можа трываць беззаконне і тэрор. Яны працавалі смела і самааддана, як заўсёды. Як і ўсе сумленныя журналісты ў Беларусі. Але так і не здолелі здаць свае матэрыялы ў рэдакцыю. Іх затрымалі, адвезлі ў РУУСы, пасля — у ІЧУ на Акрэсціна, а 2 і 3 лістапада судзілі. Калі ў прынцыпе можна назваць судамі тое, што апошнім часам адбываецца ў памяшканнях судоў. Дзмітрый Дзмітрыеў атрымаў 10 сутак па арт. 23.34 ч.1 КаАП — «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў», Аляксандр Зяньковіч — 13 сутак па арт. 23.4 КаАП — «непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы», 20-гадовая Яна Трусіла, якую затрымалі ўпершыню, — таксама 13 сутак па арт. 23.4. Вось такая разнастайнасць. Акрамя нашых фотакораў за кратамі застаюцца яшчэ 6 журналістаў.