- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзяржава, якая парушае прынцыпы і ганьбіць каштоўнасці цывілізаванага грамадства, — у любым разе нежыццяздольная. 25 кастрычніка ў Гродне затрымалі доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча. Раніцай 26 кастрычніка з ланцуга салідарнасці амапаўцы забралі паэта і барда Эдуарда Акуліна. У гэты ж дзень наўпрост на прадпрыемстве запакавалі каля сотні рабочых «Гродна Азота». Зранку 27 кастрычніка ў міліцыю адвезлі дактароў-кардыёлагаў, якія выйшлі на вуліцу, каб засведчыць сваю салідарнасць з працоўнымі і выказаць пратэст супраць гвалту. Тое ж, што мы перажываем з лета 2020-га, беларусы перажывалі ў 1930-х гадах. Тады таксама хапалі паэтаў і навукоўцаў, дактароў і працоўных. А роўна 83 гады таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, разам расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. І сённяшнія вартаўнікі рэжыму ўсё яшчэ не дазваляюць нам ушанаваць іх памяць, адмаўляючыся прызнаваць Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і выдзіраючы з карэннем крыжы ў Курапатах. Яшчэ нядаўна мы маглі казаць: «Хіба што яшчэ не расстрэльваюць». Але рэжым перайшоў мяжу і пачаў забіваць: Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава… Колькі імёнаў мы яшчэ не ведаем? …Падчас нядзельнага маршу 25 кастрычніка я ішла ў калоне прыгожых, мужных, разумных людзей і адчувала, якое гэта шчасце — быць сярод іх. З гэтымі не знаёмымі, але такімі роднымі беларусамі я адчувала сябе ў абсалютнай бяспецы.