- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Калі ты жывеш у Беларусі і спрабуеш нешта рабіць на яе карысць, вельмі часта замест падтрымкі рызыкуеш атрымаць кпіны і непрыемныя эпітэты ад тых, хто дакладна ведае, што і як трэба рабіць. Ёсць такое азначэнне, што крытык — гэта той чалавек, які тлумачыць, як зрабіў бы ён, калі б умеў гэта рабіць. Але ёсць людзі, якія не надта ведаюць, як трэба, аднак ідуць і робяць, бо адчуваюць, што мусяць. Таму што так ім падказвае сумленне. І, бывае, гэта неверагодным чынам спрацоўвае і дае плён — без усялякіх папярэдніх стратэгій і планаванняў. Не, я не кажу, што план дзеянняў не патрэбны. Пісьменна распрацаваны план — ужо палова поспеху справы. Але ў жыцці бываюць сітуацыі, калі нешта спланаваць ці прадугледзець проста немагчыма. Ну хіба ж планавалі ўкраінцы, што суседняя дзяржава ўварвецца на іх тэрыторыю і адбярэ кавалак зямлі? У гэтым выпадку на планаванне папросту не было часу, трэба было неадкладна дзейнічаць — уставаць на абарону краіны. І паўстаў такі патрыятычны ўздым, які і да сёння дазваляе ўкраінцам супрацьстаяць нападнікам. Іншая справа, што вельмі хутка ў гэтае супрацьстаянне сталі ўключацца палітыкі і пачалі весці свае, ужо спланаваныя, гульні. Альбо, вяртаючыся да нас, ці магчыма было прадказаць, што ўласнікі рэстарацыі «Поедем поедим», а разам з імі і ўлады, так радыкальна і так цынічна будуць дзейнічаць на тэрыторыі мемарыялу Курапаты? Любыя выклікі спараджаюць сваіх герояў.