- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Калідор дубінак»: шлях беларускіх уладаў. Даклад аб паліцэйскім гвалце», так называецца дакумент — вынік расследавання, праведзенага ў Беларусі юрыстамі Камітэта супраць катаванняў з 22 жніўня да 12 лістапада 2020 года. У ім падрабязна апісаныя справы трынаццаці грамадзян, якія, як і сотні іншых, пацярпелі ад гвалту з боку ўладаў у перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года. Большасць з пацярпелых былі вымушаныя прайсці праз «калідоры», калі супрацоўнікі праваахоўных органаў выстройваліся ў два шэрагі, каб наносіць удары дубінкамі па затрыманых, што мусілі прабягаць паміж імі. Так, у аднаго чалавека ад удараў была разарваная барабанная перапонка, некалькі іншых атрымалі розныя пераломы. Некаторыя пацярпелыя паведамілі пра сексуальны гвалт ці пагрозы сексуальнага характару і прыніжэнні. Сярод іншых здзекаў праваахоўнікаў — шматгадзіннае знаходжанне затрыманых у ненатуральных позах, а таксама ўтрыманне ў перапоўненых камерах без вады і ежы. Большасць з гэтых трынаццаці чалавек былі мінакамі, якія не бралі ўдзелу ў акцыях пратэсту. «Супрацоўнікі праваахоўных органаў актыўна ўжывалі сілу ў дачыненні да ўжо затрыманых асобаў, якія не ўяўлялі ніякай пагрозы і не аказвалі ніякага супраціву, — кажа юрыст Камітэта супраць катаванняў Дзмітрый Казакоў. — Відавочна, што мэтай было запалохванне, прыніжэнне і пакаранне людзей за ўдзел у дэманстрацыях, якія насілі пераважна мірны характар. Сабраныя доказы сведчаць пра наўмыснасць актаў жорсткага абыходжання».