- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Афіцыёз вельмі любіць прадстаўляць беларускую апазіцыю «празаходняй» і існуючай на замежныя — амерыканскія ці еўрапейскія — грошы. Што не перашкаджае ім самім залазіць у кішэню заходніх падаткаплатнікаў. Але мы не думалі, што ў такіх маштабах! Днямі ў Беларусі прэзентавалі цікавую еўрапейскую праграму — «Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання». За такой расплывістай фармулёўкай хаваюцца вельмі цікавыя рэчы. Напрыклад, адзін з праектаў — «Умацаванне права на справядлівае судовае разбіральніцтва ў сістэме крымінальнага правасуддзя ў Беларусі». Сярод мэтаў гэтай праграмы — «умацаванне нацыянальнай сістэмы крымінальнага правасуддзя», шляхам адукацыі беларускіх юрыстаў у тым ліку (заўважце!) «па пытаннях, звязаных з адменай смяротнага пакарання». На гэтыя мэты Савет Еўропы і ЕС выдаткоўваюць паўмільёна (!) еўра цягам 2019–2020 гадоў. Праграма прадугледжвае не што іншае, як навучанне «студэнтаў і прадстаўнікоў юрыдычных прафесій». Адукацыя — гэта, безумоўна, добра. Але як студэнты еўрапейскіх курсаў за еўрапейскія грошы потым будуць увасабляць атрыманыя веды на практыцы? Адказ адзін — ніяк, бо беларуская судовая сістэма не з’яўляецца незалежнай, і гэта ўсім вядома. Пэўна, апроч Савета Еўропы і ЕС. А таму вучы іх — не вучы, а суддзі будуць вымушаныя выносіць тыя прысуды, пра якія ім скажуць «зверху». Асабліва смешна гучыць меркаваны вынік праекту: «Укараненне еўрапейскіх стандартаў… у тым ліку прынцыпаў справядлівага судовага разбору ў сістэму прафесійнай падрыхтоўкі юрыстаў».