- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Штодня назіраю за падзеямі ў краіне — і не перастаю наноў адкрываць для сябе беларусаў ды захапляцца імі. Рэвалюцыя ў Беларусі нараджае сапраўдную магутную нацыю, дзе народ — не тыя беларусы, пра якіх звыкла кажуць: «а можа, так і трэба» ці «мая хата з краю». Аказваецца, сучасныя беларусы — салідарныя, крэатыўныя, смелыя, нястомныя і гераічныя. Дзякуючы падзеям апошніх месяцаў я даведалася, што мой сусед — таленавіты паэт і музыкант, які адседзеў на Акрэсціна за тое, што выказваў сваю пазіцыю супраць гвалту і дыктатуры. Што беларускія жанчыны — неймаверна смелыя і шыкоўныя, яны здольныя разбіць дыктатуру сілай любові і прыгажосці. Што нашы неверагодныя студэнты — не толькі гуляюць і «стаяць у чарзе па дыпломы», а выходзяць адстойваць свой гонар і гонар краіны. Што ў нас ёсць сапраўдныя Выкладчыкі і Настаўнікі, якія не ідуць на здзелкі з сумленнем, не баяцца аддана бараніць сваіх вучняў і свой гонар. Нашы навукоўцы не ахвяруюць Ведай на карысць ідэалогіі. Нашы артысты — сапраўды народныя і нацыянальныя не таму, што нехта ўганараваў іх такім званнем, а таму, што ў цяжкую хвіліну яны сталі на бок народа. І спартсмены. І музыкі. І журналісты. І працоўныя. І нават многія сілавікі. Сваімі вушамі чула ад знаёмай з райцэнтра, што тамтэйшыя міліцыянты цішком ездзяць у Мінск, каб паўдзельнічаць у акцыях пратэсту. А самі акцыі? Штонядзелю, бачачы, як старанна сілавікі зачышчаюць горад, сэрца трымціць: «Няўжо сёння не дадуць сабрацца? Няўжо пратэст задушаны?».