- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пагроза расійскай імперыі была, ёсць, і, напэўна, яшчэ вельмі доўга будзе ў Беларусі. Я разважаў — чаму так адбываецца, чаму ў нас увесь час такая рыторыка пра страту незалежнасці? І я зразумеў, што адны людзі зыходзяць з таго, што Беларусь, наша дзяржава і наша гісторыя — гэта Божы провід. Мы — парадокс, нас ніхто не хацеў з суседзяў, нас сотні гадоў выразалі — але ёсць незалежная дзяржава. Ёсць дзяржаўная мова — ужываецца ці не, але яна ёсць. І ёсць людзі, якія разважаюць, што Беларусь — гэта збег нейкіх абставінаў і акалічнасцяў, і таму трэба кідацца ўправа і ўлева, каб знайсці тых, хто нас падтрымае. То Расія саюзніца, то Германія, то яшчэ нехта. Калі ты не перакананы, што Беларусь ёсць, была і будзе, то ты ўвесь час будзеш турбавацца і кідацца ўправа-ўлева і крычаць: «Страта незалежнасці, нам усім хана!» Другая праблема — безумоўна, існуе пагроза ад расійскай імперыі. І што нам варта рабіць, каб яе мінімізаваць? Я лічу, што кожны патрыёт мае самую магутную і простую зброю. Дзеля яе не трэба садзіцца ў турмы, не трэба пісаць прасціны тэкстаў, відэазвароты, ствараць новыя арганізацыі, рухі, кааліцыі. Трэба проста размаўляць па-беларуску, паўсюль. Выйшаў у краму — і гавары па-беларуску. І гэта тое, што ўмацуе незалежнасць больш за ўсё. І мяне дзівяць людзі, якія выступаюць з рознымі ініцыятывамі пра тое, як трэба бараніцца, розныя арганізацыі ствараць. І ўся іхняя камунікацыя, уся іхняя дзейнасць рускамоўная.