- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У ноч з 12 на 13 жніўня масава выпускалі затрыманых з ізалятара на Акрэсціна. Валанцёры, якія дзяжурылі ўначы, паведамілі, што затрыманыя выходзілі збітыя і напалоханыя, а ва ўнутраным дворыку чуліся мужчынскія стогны. «Новы Час» правёў дзень з людзьмі, якія дзяжураць у скверы перад ізалятарам часовага ўтрымання. Затрыманых пачалі выпускаць з ізалятара з дзвюх гадзін ночы да паловы на шостую раніцы. Дзяўчына Алеся, якую саму затрымалі 9 жніўня, а праз суткі выпусцілі, дзяжурыла на Акрэсціна ўначы, бо за кратамі застаўся яе хлопец. «Я паставіла будзільнік на палову на трэцюю ночы сёння. Прачнулася, зайшла ў чат, а там напісалі, што людзей пачалі вызваляць, — распавядае дзяўчына. — Я хутка сабралася і прыехала сюды. Валанцёры і людзі, якія дзяжурылі тут, ужо хаваліся па дварах, бо выйшлі амапаўцы са зброяй і шчытамі. Праз плот даносіліся стогны і крыкі. Калі затрыманых выпусцілі, у мяне склалася такое адчуванне, што яны не разумелі нават, дзе знаходзяцца. Іх выпусцілі без абутку, без шнуркоў, некаторых — без вопраткі. Яны выбеглі ўсе і разляцеліся хто куды, мы намагаліся іх спыніць, але яны баяліся нас, баяліся папіць вады». Алеся кажа, што перад тым, як адпусціць, людзей моцна збівалі. «Аднаго мужчыну настолькі збілі, што ён дабег да нас і паваліўся ў прыпадках, пачаў сінець. Мы выклікалі хуткую». Толькі сёння Алеся даведалася, што яе хлопца ўжо судзілі. Але дзе ён — яна не ведае. Муж Антаніны знік увечары 10 жніўня. Ён з братам катаўся на роварах каля «Рыгі».