- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гістарычная, як яе назваў Аляксандр Лукашэнка, нарада кіраўніка дзяржавы і праваахоўнікаў насамрэч апынулася чарговай банальнасцю. Усё сказанае правадыром добра вядомае і звычайным грамадзянам, і тым самым сілавікам, якія ўважліва слухалі ды занатоўвалі кожнае слоўца свайго лідара. Дык нашто ж тады гэты публічны разгром? «Мы сабраліся не для таго, каб адсправаздачыцца адзін перад адным, а я — сказаць прыгожыя словы перад грамадскасцю. Нас будуць вінаваціць, што выбары ды іншае. Справа абсалютна не ў выбарах», — абвясціў Лукашэнка. «Тыя, хто паспяшаў тут убачыць нейкую піяр-кампанію, проста недаацэньваюць сітуацыю і не ведаюць нашага кіраўніка», — падтрымала яго верная прэс-сакратарка Наталля Эйсмант. Але, як вядома, хто куры краў, у таго і рукі трасуцца. Менавіта для гэтага — для піяру перад новай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй — і прымусілі трэсціся на камеры сівыя ды не вельмі галовы праваахоўнікаў. Калі хто не згодны, дык можна паразважаць ад адваротнага: для чаго іншага магла быць задуманая гэта нарада? Напрыклад, каб аднавіць справядлівасць. Але ж не, гэты варыянт адкідваем адразу: ва ўладзе сядзяць не настолькі высакародныя асобы, што будуць перажываць з-за нейкай там справядлівасці ды, крый Божа, шукаць непатрэбную ім праўду. Дый нарадаў для гэтага праводзіць не трэба — у кіраўніка дзяржавы і цяпер ёсць усе інструменты, каб навесці парадак, — было б жаданне. Быццам бы не ён прызначае і здымае з пасадаў суддзяў, генпракурора, старшыню Следчага камітэта ды іншых прадстаўнікоў дзяржэліты.