- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мінулы навучальны год пабіў сумны антырэкорд па колькасці беларускамоўных першакласнікаў: упершыню ў Беларусі іх стала менш за 10%. Летась па-беларуску займаліся толькі 9,7% вучняў першых класаў. Статыстыка сведчыць, што гэтая лічба скарачаецца штогод. Калі ў 2009 годзе беларускамоўных першаклашак было 16,7%, то ў 2014/2015 навучальным годзе — ужо 12,1%. Калі тэндэнцыя працягнецца, то праз нейкіх 10 гадоў на беларускамоўнай школе ў Беларусі можна будзе паставіць крыж. Адсутнасць магчымасці паўнавартасна вучыцца на роднай мове — перадусім, вынік дзяржаўнай палітыкі, якую ўжо чвэрць стагоддзя мэтанакіравана праводзіць Лукашэнка. Нягледзячы на фармальную роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў і замацаванае ў Канстытуцыі права атрымліваць адукацыю па-беларуску, з 1995 да 2006 года доля беларускамоўных школьнікаў скарацілася з больш чым 40% да 22%. Адметна, што менавіта столькі — 22% — вучняў атрымлівалі адукацыю па-беларуску ў часы СССР. Але тады ў многім сітуацыю ратавала вёска, якая і вучылася, і размаўляла на тутэйшай мове. Цяпер жа ў сельскай мясцовасці беларускамоўных школ амаль не засталося, а насельніцтва, калі не лічыць людзей сталага веку, гаворыць спрэс па-руску ці на трасянцы. Разам з беларускамоўнымі школамі і класамі знікаюць і беларускамоўныя плыні ў ВНУ. Цяпер яны засталіся хіба што на філфаках ды гістфаках, і тое не паўсюль. Прыватныя ўстановы адукацыі таксама не спраўляюцца з цяжарам прышчаплення нацыянальных каштоўнасцяў.