- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вы, канешне, усе ўжо ведаеце: у траўні-чэрвені «Мінск-Арэна» будзе стаяць пустая. Ну, магчыма, туды заедзе з канцэртам якінебудзь Стас Міхайлаў ці завітае з чосам Валерый Сюткін — гэтым без розніцы, дзе збіраць грошы, якія не пахнуць. Розніцу адчула сусветная — і не толькі хакейная — супольнасць. І ў выніку яе калектыўных намаганняў Міжнародная федэрацыя (ІІХФ) усё ж такі забрала ў Мінска права правядзення Чэмпіянату свету–2021. Рашэнне абяцалі прыняць напрыканцы студзеня — такі быў каленкор да візіту ў Беларусь прэзідэнта ІІХФ Рэнэ Фазеля. Але ён прыехаў 11 студзеня і наламаў такіх дроваў, што ў Цюрыху вырашылі не цягнуць. І роўна праз тыдзень, у панядзелак, хуценька сабралі на пасяджэнне раду — дый, прагаласаваўшы, пазбавілі беларускую сталіцу вялікага хакейнага форуму. Амаль паводле класікі — парэзалі, не чакаючы перытанітаў. Пасля вяртання з Мінска Фазель штодня рабіў прыкладна адно і тое ж — актыўна апраўдваўся і паволі пераабуваўся. То ён — яшчэ які месяц таму — ледзь не кулаком па стале не грукаў, так хацеў пакінуць у сіле папярэднія дамоўленасці. То-бок, каб чэмпіянат прайшоў на два гарады дзвюх краін — у Мінску і Рызе. Аднак пасля яго камандзіроўкі на наш «кавалачак зямлі» нават тыя крохкія, ілюзорныя надзеі спадара Рэнэ рассыпаліся ўшчэнт, як люстэрка пасля падзення на кафлю. Як выявілася неўзабаве пасля вяртання Фазеля дадому, краіны дэмакратыі не даравалі яму праявы занадта братэрскіх адносін з Лукашэнкам і яго атачэннем.