- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Раней пасланні кіраўніка краіны да народа і парламента гучалі ўвесну. І было зразумела, чаму яны прысвячаліся — аналізу актуальнай сітуацыі і планам на наступны год. Сёлета Лукашэнка адмовіўся ад такой традыцыі, хаця яго паслання ўвесну сапраўды чакалі — з надзеяй, што ўлада раскажа, як яна будзе змагацца з віруснай навалай і як яна будзе падтрымліваць эканоміку ў час гэтага незвычайнага крызісу. Не дачакаліся. У канцы красавіка Лукашэнка патлумачыў: «Сітуацыя з каронапсіхозам, інфекцыямі, ну, а потым абвешчанай пандэміяй, пагадзіцеся, ашаламляльна змяніла сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Вось уявіце прэзідэнта на трыбуне сёння. І што ён можа сказаць?» Ён бы мог сказаць пра тое, як і чаму насельніцтва аказалася з пандэміяй сам-насам. Ён бы мог абгрунтаваць неўвядзенне каранціну. Ён мог проста патлумачыць народу сітуацыю — бо пасланне ж ён робіць да народа, праўда? Нам не было цікава, як «касмічныя караблі барозняць прасторы Сусвету», мы хацелі даведацца, што ўлада робіць, каб захаваць нашы жыцці. Але — не даведаліся. Са словаў кіраўніка дзяржавы было зразумела — яму няма чаго сказаць. Цяпер пасланне абвешчана на 3 жніўня. Гэтая дата — за шэсць дзён да асноўнага дня выбараў і за дзень да пачатку датэрміновага галасавання. Відавочна, што кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка А.Р. скарыстаецца службовым становішчам і паспрабуе хаця б крышачку ўзняць свой рэйтынг. Каб потым патлумачыць, адкуль у яго ўзнікла 70%.