- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасля таго, як не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, але зарэгістравалі Ціханоўскую, аб’яднанне гэтых асобаў і іх штабоў у адну каманду было самым відавочным рашэннем. На першы план беларускай палітыкі выйшлі тры жанчыны: Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава. Відавочна, у Адміністрацыі прэзідэнта нешта перамудрылі, калі здымалі з выбараў Бабарыку і Цапкалу. Калі б яны ўдзельнічалі ў выбарах, электарат быў бы хоць крыху, але падзелены: «моцныя гаспадарнікі» завабілі б на свой бок тых, хто за «негвалтоўную барацьбу» і, насуперак усяму 20-гадоваму досведу, лічыць, што пераважную большасць галасоў на выбарах нельга сфальсіфікаваць. За Святланай Ціханоўскай засталася б «вуліца»: тыя, хто ведае, у якой краіне жыве, і для якіх абарона свайго выбару праз Плошчу — справа звыклая і натуральная. Як адзначыў палітолаг Валерый Карбалевіч, «электарат Святланы Ціханоўскай — гэта людзі, якія кіруюцца прынцыпам “хто заўгодна, толькі не Лукашэнка”, а электарат Бабарыкі і Цапкалы хацеў бы рабіць рацыянальны выбар, хацеў бы на чале дзяржавы паставіць эфектыўных менеджараў. Бабарыка і Цапкала якраз у гэтым вобразе і выступалі». Але адбылося так, як адбылося. Хутка была знойдзена і кропка аб’яднання. На мітынгу на плошчы Бангалор тры жанчыны падкрэслілі: асноўная ўмова іх супрацы — гэта вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і правядзенне свабодных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў пасля 9 жніўня.