- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Канешне, толькі зацятыя аптымісты думалі, што Цэнтрвыбаркам зарэгіструе Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты. Але, гледзячы на рэкордную колькасць подпісаў, сабраных у яго падтрымку, усе мы сталі крышачку аптымістамі. І думалі: «А раптам пракоціць?» Не пракаціла. Віктар Бабарыка не будзе кандыдатам у прэзідэнты. Адвакаты экс-банкіра сцвярджалі, што з дэкларацыяй аб даходах у прэтэндэнта на прэзідэнта ўсё ў парадку, але ЦВК пабачыў у яго кампаніі прыкметы «замежнай дапамогі». Гэта вельмі дзіўная «замежная дапамога». Камітэт дзяржаўнага кантролю сцвярджае, што «злачынная група» здабывала злачынныя даходы, і незаконная дзейнасць Бабарыкі як «кіраўніка злачыннай групоўкі» «пацвярджаецца» канфіскаванымі матэрыяламі і допытамі падазраваных. Выявілі, што Бабарыка нібыта атрымаў незадэклараваныя 350 тысяч долараў ЗША. Ярмошына нават пажартавала, што «хабар у падатковай дэкларацыі не пазначаецца». Дзяржкантроль таксама сцвярджае, што Бабарыка незаконна выкарыстоўваў замежную фінансавую дапамогу падчас кампаніі — рэсурсы «Белгазпрамбанку», які на 99% належыць расійскім кампаніям. Некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы працавалі ў гэтым банку і займаліся справамі выбарчай кампаніі ў працоўны час і з выкарыстаннем працоўных сродкаў, а гэта парушэнне Выбарчага кодэксу. Але тут Ярмошына яўна парушыла прэзумпцыю невінаватасці. Суда над Бабарыкам не было, тое, што 350 тысяч долараў ягоныя — не даказана.