- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пандэмія вырвала многіх нас з жыцця. Мы аказаліся ў сітуацыі, калі шмат якія звычайныя, але такія не заўважныя раней радасці аказаліся недаступнымі. Перажываючы за тое, каб не прынесці вірус у свой дом і не падвергнуць небяспецы блізкіх, мы перасталі хадзіць у грамадскія месцы, нават паход у краму цяпер — выключная неабходнасць, а для некаторых — ледзь не адзіная магчымасць «выйсці ў свет». Як кажуць, дакаціліся. Пагадзіцеся, без яскравых культурных падзей, сустрэч з сябрамі і блізкімі дый нават без традыцыйных выхадаў у любімую кавярню жыццё губляе свой смак. А пачыналася самаізаляцыя (вядома, для тых, хто можа сабе яе дазволіць і не хадзіць штодня на працу) вельмі нават пазітыўна: з усіх бакоў даносіліся выказванні, маўляў, нарэшце будзе час заняцца спортам ці вывучыць замежную мову анлайн. Цікава, дзе цяпер тыя, хто планаваў шчыльна заняцца самаразвіццём? Пэўна, яны ёсць. Але значная частка тых, хто меў намер «пракачаць скілы» на каранціне, у лепшым выпадку, ледзь не штовечар публікуе ў сацсетках фотаздымкі з віном і піцай (спадарства, так і да алкагалізму з атлусценнем нядоўга!), у горшым — адчувае псіхалагічныя пакуты на тле перамены ладу жыцця. Апошнім часам мы добраахвотна заганяем сябе яшчэ і ў нейкую ментальную ізаляцыю, чытаючы і распаўсюджваючы навіны, дзе адзінай тэмай, альтэрнатыўнай каронавірусу, сталі… выбары, якіх у Беларусі няма, але якім чамусьці надаецца столькі ўвагі, нібыта яны ёсць.