- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Наперадзе яшчэ адзін няпросты год. Але мы ўжо ведаем, якая ўзнагарода нас чакае, калі пройдзем праз усе выпрабаванні. І мы гатовыя да гэтага. Новы 2021-ы год беларусы сустрэлі сапраўды па-новаму. 31 снежня ў 23.34 (менавіта па такім артыкуле Адміністрацыйнага кодэкса ў 2020-м адседзелі суткі і атрымалі штрафы тысячы беларусаў) ледзь не ў кожным мінскім двары загрукаталі салюты. З вокнаў замігцелі агеньчыкі ліхтарыкаў. Але самае галоўнае — паўсюль гучала па-сапраўднаму пераможна: «Жыве Беларусь!» І была ў гэтых воклічах такая шчырасць і ўпэўненасць, што не засталося ніякіх сумневаў: і ў 2021-м беларускае змаганне працягнецца з не меншым імпэтам, сілай і крэатыўнасцю. Беларусы, якія летась адчулі гаркаваты прысмак свабоды, не спыняцца і зробяць усё, каб выпіць гэтую свабоду да донца, як келіх з бруістым шампанскім у навагоднюю ноч. А потым, за 15 хвілін да Новага года, ледзь не ўсе мы — ці не ўпершыню за многія гады — з цікаўнасцю і надзеяй слухалі навагодні зварот лідара, за якога многія з нас аддалі свае галасы ў спадзеве на перамены. І гэта прамова — не проста словы, напісаныя таленавітым спічрайтарам. Гэта было тое, што мы бачылі штодня цягам апошніх чатырох месяцаў. Мы нібыта зноў перажылі ўсе тыя драматычныя, трагічныя і шчаслівыя падзеі, яны ўсё яшчэ адгукаюцца ў нашых сэрцах — і таму многія з нас плакалі падчас звароту Святланы Ціханоўскай. Але гэта не былі слёзы болю ці адчаю. Гэта былі слёзы шчаслівага ўсведамлення.