- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Краіна ўжо другі тыдзень жыве ва ўмовах нявызначанасці. Расія і Беларусь не ўзгаднілі кантракт па пастаўках нафты, таму наш «саюзнік» перакрыў вентыль. Расія спыніла пастаўкі сыравіны на беларускія НПЗ. Тыя працягваюць работу, але іх загрузка зніжаная да мінімальнага тэхналагічнага ўзроўню. Мы вымушаныя круціцца. Ужо заключаныя кантракты з «Транснафтай», якая паставіць на нашы заводы 133 тысячы тон нафты. Падключыўся сябар Лукашэнкі Міхаіл Гуцырыеў, яго «РусНафта» і «Нафтыса» таксама дадуць аб’ёмы для перапрацоўкі — спачатку «Нафтану», потым і Мазырскаму НПЗ. І гэта не дзіва, бо адным з акцыянераў прадпрыемства ў Мазыры з’яўляецца «Слаўнафта», кіраўніком якой калісьці быў той самы Гуцырыеў. Увогуле, дзіўная сітуацыя. Атрымліваецца, што «Газпром Нафта» і «Раснафта», якія валодаюць зараз «Слаўнафтай», ствараюць праблемы для свайго ж структурнага падраздзялення. У іх — амаль палова (42,58% акцый) Мазырскага НПЗ, і яны адмаўляюцца пастаўляць сыравіну свайму ж (напалову) прадпрыемству. Гэта яшчэ раз пацвярджае: нафта ў Расіі — катэгорыя не эканамічная і не сыравінная, а палітычная. І яе пастаўкі — палітычная зброя, што не падпарадкоўваецца эканамічным інтарэсам, падавалася б, камерцыйных кампаній. Але што мы бачым — дакладней, чаго не бачым, — у гэтай сітуацыі? Галоўнае, чаго мы не пабачылі, — неба на зямлю не звалілася.