- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Святкаванне Дня святога Валянціна ў Беларусі мае палітычную адметнасць. З 1997 года Малады Фронт ладзіць акцыі, на якіх моладзь выказвае свае патрабаванні ў адрас правячага рэжыму. Амаль заўсёды гэта канчаецца сутыкненнямі з міліцыяй, збіццём удзельнікаў, арыштамі і штрафамі. Сёлета 14 лютага ў Мінску шэсце моладзі пад лозунгам „Любові, Свабоды, Пераменаў” арганізавала маладзёжная кааліцыя „Пераменаў”, у якую ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый. У 17 гадзін каля трох тысяч маладых людзей сабраліся на плошчы Свабоды. Угару паляцелі тысячы „валянцінак” з віншаваннямі са святам закаханых. Той, хто назбіраў не менш 12 картак, тут жа мог атрымаць аўдыёкасету „More кахання” з беларускай музыкай. Затым, згуртаваўшыся ў калону, моладзь рушыла па цэнтральных вуліцах горада. Шэсце не было санкцыянавана ўладамі. Яго суправаджала вялікая колькасць міліцыянераў і салдат унутраных войск. Але ў час руху калоны сутыкненняў з сілавымі структурамі не было. Моладзь дайшла да плошчы Перамогі, дзе ўдзельнікі шэсця арганізавана разышліся. Тут апамяталася міліцыя, якая, відаць, не чакала такога заканчэння акцыі, і затрымала толькі шэсць чалавек. Двух з іх пры затрыманні міліцыя збіла. Праз нейкі час усе затрыманыя былі звольнены. (З. Кісель, Ад Свабоды да Перамогі, фрагмэнт)