- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
— Праз Гайнаўшчыну праязджае многа цыстэрнаў з таксічнымі хімікатамі. Даюць яны для чыгункі вялікі прыбытак. Частку гэтага даходу можна было б прызначыць на нерэнтабельны пасажырскі транспарт, — заявіла ў час пасяджэння Рады Гайнаўскага павета, якое адбылося 30 лістапада г.г., яе старшыня Вольга Рыгаровіч. Аб намерах улад Польскай дзяржаўнай чыгункі ліквідаваць пасажырскі транспарт з Чаромхі ў Гайнаўку і з Гайнаўкі ў Цісоўку паінфармаваў у час пасяджэння намеснік старасты Гайнаўскага павета Ежы Сірак. Спыненне пасажырскага транспарту можа тычыцца маршруту з Чаромхі ў Седльцы. Размовы з дырэкцыяй чыгункі ў Беластоку не далі станоўчага рэзультату, паколькі аб ліквідацыі чыгуначнага транспарту вырашае Генеральная дырэкцыя Польскай дзяржаўнай чыгункі ў Варшаве. Першымі аб намерах спынення пасажырскага транспарту ў Гайнаўку даведаліся чыгуначнікі з Чаромхі, якім гэта пагражае звальненнямі з працы. Вестка ўстрывожыла чарамшукоў, паколькі амаль кожная сям’я звязаная там з працай на чыгунцы. Моладзь і студэнты сталі непакоіцца пра даезд у школы. Вучні з Чаромхі першымі сталі збіраць подпісы супраць ліквідацыі чыгуначнага транспарту. (Ці спыняць цягнікі на Гайнаўшчыну? Аляксей Мароз, фрагмэнт)