- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Няраз на старонках „Нівы” я меў нагоду пісаць пра адраджэнне беларускай гістарыяграфіі. Нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя ўмовы, пашыраецца кола даследчыкаў мінуўшчыны, адкідаючых той спосаб апісвання і інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў, які акурат пажаданы пануючай наменклатурай. Узнікае штораз больш кніжак, аўтары якіх амаль зусім не звяртаюць увагі на камуністычную метадалогію даследавання гістарычных працэсаў, імкнуцца прадстаўляць факты і здарэнні, зыходзячы з беларускага нацыянальнага пункту гледжання. Па зразумелых прычынах з савецкімі традыцыямі найлягчэй прыходзіцца парываць сувязі гісторыкам малодшага пакалення, якія ездзяць па Еўропе, чытаюць замежную літаратуру і асабліва адчуваюць абсурднасць дамінуючай усё яшчэ ў Беларусі савецка-камуністычнай гістарыяграфіі. Варта таксама адзначыць, што ў апошнія гады паказалася шмат прац гісторыкаў, вядомых ужо ў савецкім перыядзе, якія вельмі сумленна прадстаўляюць нават самыя складаныя працэсы навейшай гісторыі Беларусі. (Я. Мірановіч, Беларуская і постсавецкая гістарыяграфія, фрагмэнт)