- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У вёску Слоя, што ў Шудзялаўскай гміне, брукаваная дарога вядзе праз лес ад шашы Саколка — Крынкі. Брук той выглядае так, быццам вось-вось зелень і выскачыць на волю з-пад камянёў і заявіць сваё права на прыстойнае жыццё пад сонцам. За лесам, з правага боку першымі падарожніка вітаюць пашы. У шчыльна пагароджаных жардзінамі кашарах адпіваецца апошнім восеньскім намаганнем трава, толькі ў адной загарадзі некалькі кароў. На адным з першых панадворкаў бачу гаспадароў, спыняюся каля форткі. Прадстаўляюся, заводзім размову. Не чытаюць тут „Ніву”, толькі слухаюць радыё- і тэлеперадачы: беларускія, украінскія і царкоўныя. Калісь адсюль пісаў у „Ніву” Уладзімір Хомік, але памёр ён два гады таму. Пытаю пра пустыя пашы, але мае суразмоўцы адказваюць, што на іх няма дабытку, бо перагналі яго на выпас, што з другога боку вёскі. Мае суразмоўцы маюць крыху даходу з малака, добра, што малочны завод у Саколцы яшчэ прымае, але як калісь іхняе малако ішло ў першы клас, дык цяпер толькі ў трэці. Мае субяседнікі паведамляюць мне, што два гады таму купілі трактар. Здзіўляе гэта мяне, бо цяпер жа прадукцыя малака апынулася на мяжы акупаемасці, а сельскагаспадарчая тэхніка дарагая. (А. Вярбіцкі, Усё, што гарыць, фрагмэнт)