- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пад Комплексам прафесійных школ у Гайнаўцы зараілася ад паноў у блакітных кашулях і рабых палявых формах. Вялізная нямецкая аўчарка нервова кідалася між дзверкамі цеснага паліцыйнага „Фіата”; яе нудная морда ажыўлялася крыху, калі ўбачыла дзяцей. А дзяцей, моладзі таксама не было мала сярод чакаючых прэзідэнта. Тыя ўвайшлі, хто прыйшоў сюды перад 17 гадзінай. Ніхто не ведаў дакладна, калі дзеючы прэзідэнт РП і кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Кваснеўскі, прыедзе — пасля 17, ці пасля 18; у 19 чакаць яго мелі ў Свята-Троіцкім саборы з канцэртам праваслаўных пенняў — там таксама тусаваўся тлумок, які да гадз. 20 налічваў, паводле маіх меркаванняў, каля 2 тысяч старых і малых. А ў актавую залу, у якой, як сказалі мне дзяжурныя вучні, можа сесці каля 400 асоб, змагло ўвайсці значна больш. Пад вокнамі стаялі наступныя сотні прыхільнікаў спадара Аляксандра, якія пасля жыва рэагавалі на ягоныя словы — чуліся радасныя воклікі і воплескі. Ні аднаго свісту, ні ганьбавання. Служба з кабелямі ў вушах правярала, каб ніхто падазроны не ўвайшоў і не нарабіў чаго неадпаведнага. Аднаму дзядулю аднялі сцізорык (вычулі метал!), мне і фотажурналісту беластоцкай газеты (абое мы... з абліччам вопытных падпольшчыкаў, Міхал — з выгляду чысты тэрарыст) дакладна перашукалі нашы чорныя торбы. „Z pewnoscia ma pani jajka oraz pomiodory?” — дапытваўся шырокаплечы юнак, габарыты якога яшчэ больш павялічвалі дадатковыя атрыбуты чалавека парадку. (М. Лукша, Шчыра вітаем у Гайнаўцы!, фрагмэнт)