- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хаця ў беларускіх кнігарнях цяжка знайсці літаратуру па айчыннай гісторыі, аднак, не абазначае гэта, што яе зусім няма. Наадварот, сотні афіцыйных і неафіцыйных выдавецтваў выпускаюць там дзесяткі тысяч кніжак, якія перадаюцца з рук у рукі, абмінаючы ўсе структуры дзяржаўнага распаўсюджвання. Такім чынам удалося мне атрымаць кніжку Сымона Кандыбовіча Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі*. Тэкст быў напісаны ў пяцідзесятыя гады і толькі ў 1999 г. трапіў рэдактару „Беларускага Гістарычнага Агляду” Генадзю Сагановічу, якому, пры дапамозе Віталя Скалабана, удалося ў нядоўгім часе выдаць яго ў кніжнай форме. Сымон Кандыбовіч быў сведкам падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў дваццатыя і трыццатыя гады. Займаў ён у той час высокія дзяржаўныя і партыйныя пасты. Калі ў трыццатыя гады праводзілася акцыя супраць беларускай інтэлігенцыі, Кандыбовіч выконваў абавязкі кіраўніка аддзела Савета народных камісараў БССР. Займаў тады вельмі выгаднае месца для назірання за бальшавіцкай палітыкай у Беларусі. Саветы арыштавалі яго ў 1940 г. У час нямецкай акупацыі далучыўся да нацыянальнага лагера. Быў нават членам Беларускай цэнтральнай рады. Перад уваходам Чырвонай Арміі ў Мінск выехаў у Нямеччыну, дзе правёў большасць свайго жыцця. Памёр у 1972 г. (Я. Мірановіч, Гісторыя Беларусі паводле Кандыбовіча, фрагмэнт)