- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Трынаццаты Літаратурны семінар „Бязмежжа” пачаўся ў наймарозныя снежаньскія дні — з вечара 18-га (да 20.12.2009. г.). З-за мяжы на бязмежную сустрэчу найцяжэй было дабрацца з замерзлага Мінска, дзе ледзь удалося адагрэць аўтобус, везучы перацярэбленую прастудамі групу літаратараў, усё ж моцную духам і талентамі. Зноўку сабраліся беларускія творцы з абодвух бакоў беларуска-польскай мяжы ў Новым Ляўкове, на хутары Лазовае, у аграгаспадарцы „Бора-Здруй” Людмілы і Барыса Казлоўскіх, якая стала пастаяннай яркай кропкай беларускіх мерапрыемстваў. А мароз, як сказаў арганізатар, з’явіўся новым імпульсам „Бязмежжа” ды выпрабаваннем. Вельмі не хапала аднак трох аўтарак — ад пачатку бязмежнай Надзеі Артымовіч з Бельска-Падляшскага, Людмілы Рублеўскай з Мінска і Святланы Варонік з Брэста. — Вельмі цешыць, што гэтая ідэя, што ўзнікла ў 1989 годзе, — адзначыў Яўген Вапа, старшыня Беларускага саюза (ён разам з рэдакцыяй „Нівы” ды Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі з’яўляецца арганізатарам гэтага беларуска-беларускага мерапрыемства), — так плённа развіваецца. Хачу прыгадаць, чыя была задума гэтай ідэі: Яўгена Вапы, Міколы Ваўранюка і Алега Латышонка. Сядзелі мы на Алегавай дачы ў Супраслі і думалі пра тое, што нас цікавіць. Нас, тады маладых людзей, цікавіла ўсё што беларускае. Мы, беларусы, жылі за гэтай сцяной, без Беларусі. (М. Лукша, Марознае Бязмежжа пад матылямі, фрагмэнт)