- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
— Пан рэдактар, маем катэгарычную забарону выказвацца на гэтую тэму, — сказаў „Ніве” адзін з духоўных Беластоцка-Гданьскай епархіі, якога мы папрасілі адкрыцца на тэму супрацоўніцтва праваслаўнага духавенства са службамі бяспекі ПНР. Шмат, таксама свецкіх, асоб пасля публікацый на гэтую тэму ў „Выбарчай газеце” і „Жэчпаспалітай” пазбягае размоў. Уся справа пачалася зараз жа да юліянскіх Каляд. Тады на старонках „Выбарчай газеты” мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава даў інтэрв’ю пад загалоўкам „Gra z bezpieką o życie Cerkwi”. Газета м.інш. пыталася: — Мы не бачылі вашай папкі ў Інстытуце нацыянальнай памяці (ІНП), але атрымалі э-мейл з інфармацыяй аб яе змесце ад аднаго з палітыкаў. Быццам бы бяспека зарэгістравала вас у лютым 1966 г. [у актах ІНП гаворка аб маі 1965 г. — М. Х.] як тайнага супрацоўніка з псеўданінам „Юрэк”. Вы аб гэтым ведалі? Мітрапаліт Сава адказаў: — З’явіліся ў мяне нядаўна людзі з ІНП, каб мяне з гэтай нагоды распытаць. Не, аб рэгістрацыі я не ведаў. Я не быў супрацоўнікам сістэмы, толькі пакутаваў з за яе таксама як іншыя. Далей мітрапаліт заявіў, што сустрэўся з функцыянерамі СБ і „не прымаў ад іх ніякіх сувеніраў”, а грошы як успамогу атрымліваў так, як і іншыя праваслаўныя епіскапы — з Установы па справах веравызнанняў. Прытым дадаў: — Натуральна, магло мне ў час гэтых размоў штосьці вылецець, сказаў я можа якое лішняе слова. (Мацей Халадоўскі, Супакоіць сэрцы і душы, фрагмэнт)