Неўзабаве выйдзе кніга эсэ журналісткі Алены Германовіч
2026-04-06 14:10
Выдавецтва Gutenberg Publisher анасавала выхад зборніка эсэ журналісткі Алены Германовіч “Страшна і смешна”. Кніга мае выйсці 20 красавіка, але замовіць навінку можна проста цяпер праз сайт выдавецтва.
“Калі вы спазналі ўсю жорсткасць і жахі жыцця і здолелі не
закрычаць, схапіўшыся за галаву, а кпліва засмяяцца — вы Алена
Германовіч. Яна такая. Чытаючы кнігу, ты нібыта брыдзеш са звычайнымі,
нікому апрача аўтаркі не цікавымі людзьмі па пакручастым шляху проста да
далягляду, і вы ўсе разам — выпадковыя спадарожнікі жыцця. Падарожнікі ў
даліну. Але па дарозе можна ж расказаць адно аднаму і страшнае, і
смешнае. Кніга надзіва чалавечная, як усмешка стомленага — “заўсёды ў
гэтым свеце ў кожнага ёсць больш важныя справы, чым ты”. Чытала не
адрываючыся”, — гэтак выказалася па прачытанні зборніка пісьменніца Святлана Курс.
Алена Германовіч — беларуская журналістка.
Нарадзілася ў вёсцы Раднікі Валожынскага раёна, жыла ў Гомелі, на час
выхаду кнігі жыве ў Польшчы. Шмат гадоў жыцця прысвяціла расследаванням,
гучным крымінальным і судовым справам, абароне тых, хто не можа сам
абараніцца. Пранікала ў розныя месцы і трапляла ў розныя сітуацыі,
пісала аўтарскі праект па падарожжах па маленькіх вёсках — рабіла тое,
што любіла і ўмела, і тое, што напаўняла сэрца.