«Настрой добры, будзем працягваць»
2021-03-19 15:03
19 сакавіка з ізалятару часовага ўтрыманьня Менскага раёну на волю выйшаў Ільля Квачэнка — жыхар кварталу «Пірс» пад Менскам, якога асудзілі на 15 дзён арышту за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на ўласным бальконе.
За гэта ў яго таксама канфіскавалі машыну.
«Лёгка ўсё прайшло. Не параўнаць з тым, што было ў жніўні. Пэрсанал ветлівы, харчаваньне нармальнае. З 60 чалавек было 10 „палітычных“. Знайшоў новыя знаёмствы. Са мной сядзелі ў асноўным тыя, у каго ўзламалі дзьверы, сканфіскавалі тэхніку з інфармацыяй», — сказаў па выхадзе Ільля Квачэнка.
Ён дадаў, што настрой у яго добры, «будзем працягваць».
5 сакавіка судзьдзя Менскага раённага суду Антон Колабаў прызнаў яго вінаватым у «адзіночным пікеце». Ільля віны за сабой не прызнаў.
Раніцай 4 сакавіка на Ільлю Квачэнку, жыхара квартала «Пірс», што знаходзіцца ў Менскім раёне, склалі пратакол паводле артыкулу 24.23 (парушэньне правілаў правядзеньня масавага мерапрыемства).
Увечары 2 сакавіка супрацоўнікі ДАІ зь невядомых прычын эвакуавалі аўтамабіль жыхара кварталу «Пірс» зь ягонай уласнай паркоўкі пад домам. Ільля некалькі месяцаў таму вывесіў на ўласным бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. 3 сакавіка ранкам супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго дадому, адключылі сьвятло і пакінулі пад дзьвярыма позву ў РУУС.