- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
ТБШ прыйшло ў школы. Падыходзяць да заканчэння гасцявыя рэйды ў мінскія беларускамоўныя школы і садкі, якія наладзілі прадстаўнікі Таварыства беларускай школы. Напярэдадні Новага года ТБШ ужо наведала СШ № 60, гімназіі № 14 і 23. Асноўная мэта сустрэч – калядныя віншаванні і ганараванне дыпломамі ТБШ “За прафесійнае майстэрства і выхаванне нацыянальнай свядомасці будучых актыўных грамадзян незалежнай Беларусі” лепшых педагогаў, якія выкладаюць па-беларуску, уручэнне невялікіх падарункаў навучальным установам і настаўнікам. Да фармавання падарункаў далучыліся шматлікія грамадскія арганізацыі. “Цэнтар Супольнасць” падараваў школам розныя метадычныя дапаможнікі, літаратуру па грамадзянскай адукацыі, а таксама запісаў адмысловы DVD дыск “Гадуем беларусаў”, у які ўвайшлі сцэнары дзіцячых святаў, гульні, метадычныя матэрыялы па краязнаўстве і этнашколе, песенькі для маленькіх, аўдыёкнігі, казкі, чытанкі, мультфільмы, мастацкія фільмы і шмат чаго карыснага для настаўніцкай працы. Грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прэзентавала настаўнікам гістарычныя кнігі, Аб’яднанне бацькоў з Беласточчыны “АБ-БА” падаравала кожнай школе беларускую азбуку – каляровы набор літар алфавіта, які стварыла выдатная беларуская настаўніца з Беластоку Аліна Ваўранюк.