- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Этна-вечарына "У вішнёвым садзе" сабрала ўдзельнікаў і гледачоў на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Для пачатку прадстаўнікі розных дыяспар і краін завязалі танцавальнае знаёмства з творчымі калектывамі Глыбокскага раёна. Пабрацімства глыбачане ўсталявалі з гасцямі з Расіі, Кітая, іншых рэгіёнаў Беларусі. Кожны з удзельнікаў этна-вечарыны прадставіў свае культурныя традыцыі. Кітайскія студэнты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава выканалі традыцыйныя песні, прадэкламавалі вершы. У перакладзе тонкая кітайская паэзія не мела патрэбу, бо кожны слухач разумеў яе сэрцам. Пра ягадны фэст маладыя людзі дазналіся ў сваёй альма-матар і ахвотна адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у свяце. Глыбокае ім вельмі спадабалася. А яшчэ ў іх была адна важная місія - паспрабаваць селекцыйную мясцовую вішню, бо на іх радзіме гэтая ягада зусім іншага смаку. Калектыў з Уварава Тамбоўскай вобласці зрабіў акцэнт на народных песнях, у першую чаргу пра вішню, бо гэтая ягада ім блізкая, як нікому. Горад з'яўляецца вішнёвай сталіцай Расіі, і там таксама праходзіць вішнёвы фэст, толькі больш гастранамічнага кірунку.