- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
2023 год у літаратурным жыцці Лідчыны працягвае радаваць новымі кнігамі лідскіх аўтараў. Вось і нядаўна ў Лідскай друкарні выйшла кніга паэзіі і прозы аднаго з найстарэйшых і самых аўтарытэтных пісьменнікаў Лідчыны, колішняга супрацоўніка рэдакцыі "Лідскай газеты", былога кіраўніка літаб'яднання "Суквецце" пры ёй Уладзіміра Гаўрылавіча Васько "Неабдымнае". У кнігу ўвайшлі вершы, байкі, апавяданні. Гэта ўжо восьмая кніга Уладзіміра Васько. Нагадаем, што раней выйшлі яго кнігі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017), "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021). Пачынаючы са зборніка "Энергія душы", у кнігах аўтара змяшчаюцца разам і паэзія, і проза. Новая кніга "Неабдымнае" змяшчае больш за сотню вершаў, восем баек, шэсць апавяданняў. Адкрывае зборнік верш "Неабдымнае", які і даў назву ўсёй кнізе. Ужо з першага верша перад чытачом раскрываецца шматгранная, цікавая, няўрымслівая асоба аўтара. Аўтар сустракае кожны новы дзень з вясёлымі надзеямі, з настроенасцю рабіць добрыя справы, адчувае сябе ўдзельнікам розных падзей - і блізкіх, і далёкіх, імкнецца ўвабраць у сябе неабдымны сусвет, паўсюль чэрпае сілы і натхненне.