- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
65 гадоў Лявону Баршчэўскаму. Унікальнаму беларусу, які ведае ці не ўсе мовы свету - і ці не з усіх моваў свету перакладае творы паэзіі і прозы. Гэта найперш ягонымі высілкамі (і высілкамі выдаўца Змітра Коласа) створана кніжная серыя "Паэты планеты", у якой выйшла ўжо 100 (!) кніг перакладзенай на беларускую мову сусветнай паэзіі... Гэта ён, як дэпутат, змагаўся за незалежнасць Беларусі ў Вярхоўным Савеце, гэта ён, як палітык, ачольваў Беларускі Народны Фронт і, як літаратар, Беларускі ПЭН-цэнтр, гэта ён, як кандыдат філалагічных навук, выкладаў у Беларускім ліцэі, гэта ён уздымае сёння ўзровень беларускай перакладніцкай школы... і ўрэшце гэта ён спявае ў застоллі па заяўках сяброў хоць ангельскія, хоць нямецкія, хоць кітайскія, хоць іспанскія, хоць грузінскія, хоць маўрытанскія, хоць няведама якія песні... Лявон Баршчэўскі нарадзіўся 4 сакавіка 1958 года ў Полацку. У 1975 годзе паступіў у Менскі педагагічны інстытут замежных моваў на спецыяльнасць “Нямецкая і ангельская мовы”. Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моваў у роднай школе № 10 Полацка, потым у Наваполацкім політэхнічным інстытуце. У 1987 годзе скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце замежных моваў, атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук. У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Менску клуб маладых перакладчыкаў "Бабілён".